Надзейная каманда зернесушыльнага комплексу ў Навасёлках

Аператары ЗСК Васілій Суднік, Мікалай Правалаў, Віктар Вардугін.

Зернесушыльны комплекс у Навасёлках не новы (ЗСК 20Г ужо 7 гадоў), але дзякуючы своечасоваму абслугоўванню і прафесіяналізму каманды, што працуе тут, функцыянуе амаль бездакорна. І вельмі вынікова. Сёлета, напрыклад, праз яго прайшла палова валавага намалоту гаспадаркі. Аператары Васілій Суднік, Мікалай Правалаў і Віктар Вардугін за сезон перапрацавалі 5611 тон сабранага на жніўных палетках СВК «Шлях новы» зерня, што з пераразлікам на «ўзрост» і марку ЗСК склала ва ўмоўным вымярэнні больш за 9089 тон. Абсалютна лепшы вынік не толькі ў раёне, але і сярод абласных калег!
Дык хто яны, героі жніва? Простыя вяскоўцы — шчырыя, працавітыя, надзейныя і вельмі адказныя людзі, на якіх можна заўсёды спадзявацца. У звычайным — не жніўным — жыцці Васілій працуе ў будаўнічай брыгадзе, Віктар — у паляводчай, Мікалай — аўтаэлектрык. Людзі ў «Шляху новым» не новыя — кожнага з гаспадаркай звязвае дзясятак, а то і больш гадоў. Кожны — прафесіянал у сваёй справе.
Віктару Вардугіну і Мікалаю Правалаву даверылі працаваць на навасёлкаўскім зернесушыльным комплексе яшчэ 7 гадоў назад, калі ЗСК запускалі ў эксплуатацыю. 4 гады таму зладжаную аператарскую каманду ўдала дапоўніў Васілій Суднік. З таго часу нават не ўзнікае пытання з кадравым забеспячэннем важнага жніўнага аб’екта.
Сёння перадавікоў уборачнай кампаніі ўшаноўваюць на абласных «Дажынках» у Ляхавічах. Тут экіпаж навасёлкаўскай ЗСК — ганаровы госць, а зусім ужо хутка і ён падымецца на сцэну за заслужанай узнагародай — у Жлобіне падчас рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *