Бенефіс малютак. Хто ў Ляхавічах стаў уладальніцай галоўнага тытула «Міс Малютка-2022»

Быць самай стыльнай, моднай, абаяльнай жадае кожная прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва незалежна ад узросту. Пяць юных ляхавічанак ва ўзросце ад шасці да дзевяці гадоў – Сафія Глобуз, Вера Кавальчук, Яна Краўчэня, Лізавета Шэлест, Кіра Стрэльнікава – у мінулую нядзелю ў ГДК па-дзіцячы шчыра змагаліся за званне «Міс Малютка-2022».

Дзяўчынкам неабходна было прайсці складаныя, але цікавыя
конкурсныя этапы: «Візітоўка», «Краіна казак, цудаў і чараўніцтва», «Авангардная мода», «Свет маіх захапленняў», «На бале ў Папялушкі».
Кожную канкурсантку вельмі шчыра, цёпла, натхнёна падбадзёр-
валі гледачы, падтрымлівалі бацькі, бабулі і дзядулі, сябры, аднакласнікі. Менавіта яны дапамагалі ў падрыхтоўцы да конкурсу: прыдумвалі прэзентацыю, стваралі разам «подыумныя» ўборы, дапамагалі ў творчых іспытах і г. д. Дзяўчынкі вельмі-вельмі стараліся, і кожны іх выхад сустракаўся несціхаючымі апладысментамі. Атмасфера ў зале (даўно тут не назіралася такой вялікай колькасці гледачоў) панавала захапляючая, натхнёная, цікава было ўсім. Што ні конкурс – то новая стыльная сукенка ў кожнай канкурсанткі. А якія таленты адкрыліся! Сафія з любоўю чытала верш пра бабулю, Вера з запалам танцавала, Яна чароўна іграла на цымбалах, Ліза паказала міні-спектакль, Кіра прадэманстравала выдатныя гімнастычна-артыстычныя здольнасці.
Гледачы і журы былі адзіныя ў выбары пераможцы. Уладальніцай галоўнага тытула «Міс Малютка-2022» і прыза глядацкіх сімпатый стала Кіра Стрэльнікава. Без тытула не засталася ні адна дзяўчынка. Сафія Глобуз прызнана «Міс фота», Яна Краўчэня – «Міс артыстычнасць», Лізавета Шэлест – «Міс зачараванне», Вера Кавальчук – «Міс грацыя». І, канешне, кожнай юнай прыгажуні – мноства кветак, падарункі, апладысменты і шмат кампліментаў.
Спонсарамі праграмы выступілі раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа, райкам ГА БРСМ. Хацелася б адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі мерапрыемства, што ў многім паспрыяла той душэўнай і цёплай атмасферы, якая панавала падчас конкурсу, а таксама цікавую канцэртную праграму.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.