Стагоддзе – першыя. 19 мая стогадовы юбілей адзначае піянерыя

Піянер! Слова, якое саграе сэрцы тысяч людзей, таму што гэта іх дзяцінства – пара, цудоўная сама па сабе. Піянер – гэта сябар верны і надзейны, гэта жаданне зрабіць свет больш чыстым
і радасным. Тыя, у чыім лёсе было чырванагальштучнае мінулае, назаўсёды захавалі ў памяці піянерскія зборы, цімураўскія добрыя акцыі, інтэрнацыянальную дапамогу дзецям замежжа, збор металалому і макулатуры, спартыўныя турніры «Залатая шайба» і «Скураны мяч»,любімыя газеты «Зорька» і «Піянерская праўда»
.

Як можна забыць задорныя піянерскія песні і самую галоўную «Взвейтесь кострами тёмные ночи», сустрэчы ў летніках, ваенна-патрыятычную гульню «Зарніца», зборы ля кастра, працоўныя дэсанты і шмат іншых цікавых і карысных спраў, якімі жыла піянерыя.
Быць карыснымі сваёй краіне для піянераў было нормай і гонарам, як і актыўная жыццёвая пазіцыя, калектывізм, адказнасць за даручаную справу. А як рыхтаваліся да ўступлення ў піянеры: вучылі законы арганізацыі, каб потым ва ўрачыстай абстаноўцы сказаць піянерскую клятву і ўпершыню ганарова аддаць піянерскі салют.


У кожнага асабісты вопыт піянерства – яскравы і незабыўны.
Авеяная подыхам сяброўства, рамантыкі, добрых спраў, Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя, створаная ў суверэннай Беларусі 13 верасня 1990 года, падхапіла слаўную эстафету піянерыі Савецкага Саюза  і стала сучаснай, дынамічнай, прывабнай і для юных беларусаў, якія жывуць у ХХІ стагоддзі. А калі ў 90-я гады мінулага стагоддзя многае з мінулага было перакрэслена і забыта, у Ляхавіцкім раёне, адзіным на Брэстчыне, прадаўжала дзейнічаць піянерская арганізацыя. Праўда, крыху змянілася атрыбутыка і назвы піянерскіх дружын, але галоўныя прынцыпы заставаліся ранейшымі. Як і 50, 30, 20 гадоў назад, піянеры 90-х, а потым і нулявых праходзілі сур’ёзную школу жыцця, не проста прымалі актыўны ўдзел у рабоце дзіцячай арганізацыі, але і спрабавалі сябе ў розных ролях, вучыліся адказваць за свае ўчынкі, прымаць правільныя рашэнні.
– Мы надаём слову «піянер» яго першапачатковы сэнс – першапраходзец, наватар, лідар. 1212 юных, актыўных, таленавітых, шчырых, адкрытых і надзейных рабят Ляхавіцкага раёна аб’яднаны ў 14 дружын, пачэсна нясуць ганаровае званне піянер. З задавальненнем удзельнічаюць у шматлікіх дабрачынных і патрыятычных акцыях, дэсантах, інтэлектуальных конкурсах і спаборніцтвах, імкнуцца быць у гушчыні падзей, што адбываюцца навокал. Па-ранейшаму ўступіць у піянерскую арганізацыю – справа годнасці і гонару, – адзначыла старшыня раённага савета ГА БРПА Ганна Буйко.
У мінулую суботу з усіх піянерскіх дружын раёна ў Ляхавічах сабраліся самыя актыўныя піянеры, іх верныя старэйшыя сябры – былыя піянерважатыя і сённяшнія педагогі-арганізатары – на ўрачыстасці, прымеркаваныя да стагоддзя піянерскага руху. На плошчы Перамогі адбыўся піянерскі збор «Віват, піянерыя!». Гучала шмат шчырых і добрых слоў у адрас піянераў розных пакаленняў.Словы павагі і кветкі – тым, хто з году ў год вёў за сабой хлопчыкаў і дзяўчынак, захапляў іх добрымі справамі –
ветэранам піянерскага руху.
І вось адзін з запамінальных і важных момантаў. Сто самых дастойных акцябрат папоўнілі дружную раённую піянерскую сям’ю. Ганаровага права павязаць чырвона-зялёныя ў колер Дзяржаўнага флага гальштукі ўдастоены іх старэйшыя сябры-важатыя. Над мірнымі Ляхавічамі прагучала «Піянер! Да спраў на карысць Радзімы, да дабра і справядлівасці будзь гатовы!».
У адказ рэхам разняслося дружнае, такое знаёмае і блізкае: «Заўжды гатовы!».
Пад барабанны пошчак прыгожым строем па галоўнай вуліцы райцэнтра ў адзіным маршы піянеры розных пакаленняў накіраваліся ў ГДК на мерапрыемства-ўшанаванне «Піянер – гучыць ганарова!».

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Наталля КАМІНСКАЯ, настаўнік Навасёлкаўскай СШ:
– Піянерская работа, якой я аддала 17 гадоў (пачынала старшай піянерважатай у Пранчакоўскай школе, потым стала педагогам-арганізатарам), для мяне была заўсёды ў радасць, у ёй прысутнічаў толькі выдатны настрой. Колькі цікавых ідэй і задумак удалося рэалізаваць. Як здорава было працаваць
разам з зацікаўленымі, апантанымі энергічнымі калегамі – Аленай Дыдышка, Евай Бойка, Марынай Юнік, Наталляй Белай, Таццянай  Полаз, Святланай Падгурскай – піянерважатымі гарадскіх і сельскіх школ.

Надзея ЛАПІЧ, педагог-арганізатар Малагарадзішчанскага ВПК:
– Піянерыя – гэта маё жыццё, напоўненае энергіяй і шматлікімі падзеямі. А педагог-арганізатар – не проста прафесія, а любоў
з першага працоўнага дня. У нашай школе вучацца цудоўныя рабяты.
Кожнае імгненне побач з імі – пошук нечага новага, нязведанага, незабыўнага, калі няма часу сумаваць. Атрымліваю бязмежны творчы патэнцыял ад калег, кожны з іх – унікальная асоба. Заўжды прыемна сустракацца з педагогамі-арганізатарамі іншых школ,
у кожнага з іх шмат слушных парад і творчых ініцыятыў.

Ніка НЕСЦЯРОВІЧ, старшыня савета дружыны «Спадчына» Навасёлкаўскай СШ:
– Мы – піянеры, значыць, першыя. Мы гатовы быць наперадзе,
весці за сабой, дапамагчы слабым стаць моцнымі. Таму што памятаем вялікую гісторыю нашай Айчыны, гатовы змагацца за шчасце Радзімы і зможам праславіць яе добрымі справамі. Мы верым, што ў роднай краіны – такая будучыня, якой яе зробім мы. Мы хочам сябраваць і падтрымліваць адзін аднаго ў цяжкую хвіліну, быць разам у працы, вучобе і адпачынку.