Час пік у ЛДАКу. Для выпускнікоў

Май для 194 выпускнікоў-чацвёртакурснікаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа месяц асаблівы і напружаны. Гэта час выніковага размеркавання, якое канчаткова вызначыць першае месца самастойнай працы ў якасці не практыканта, а дыпламаванага спецыяліста-аграрыя. Непрыкметна праляцелі гады вучобы, сесіі і цікавае, багатае на падзеі і сюрпрызы студэнцкае жыццё. Яшчэ літаральна месяц-другі, і яны развітаюцца з выкладчыкамі і аўдыторыямі каледжа, каб з дыпломамі аграномаў, заатэхнікаў, плодаагароднінаводаў, ветэрынараў адправіцца на работу. Якое ўсё ж хвалюючае гэта размеркаванне. І нягледзячы на тое, што загадзяможна было пазнаёміцца з прапаноўваемымі месцамі працы, пасадай, будучай заработнай платай, жыллёва-бытавымі ўмовамі і нават пасля папярэдняга размеркавання непасрэдна наведаць выбраны адрас, хваляваліся ўсе выпускнікі. Прысутнічала хваляванне і ў членаў дзяржаўнай камісіі па размеркаванні на чале з дырэктарам ЛДАКа Вячаславам Сельмановічам. Выкладчыцкі корпус зацікаўлены ў тым, каб юнакі і дзяўчаты працаўладкаваліся як мага лепш і маглі ў спрыяльных умовах выкарыстоўваць атрыманыя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, паспяхова выконваць свае прафесійныя абавязкі і рухацца па кар’ернай лесвіцы.
Як адзначыла адказны сакратар камісіі па размеркаванні Наталля Кірмель, сёлетняя кампанія праходзіла, як і ў папярэднія гады, спакойна і разважна. Па-ступіла нямала заявак ад так званых “купцоў” – кіраўнікоў райсельгасхарчаў, сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый, якія жадаюць запрасіць на працу спецыяліс-таў з дыпломам ЛДАКа. Пастаянна пашыраецца геаграфія размеркавання выпускнікоў. І па-ранейшаму запытаў на маладых спецыялістаў больш, чым іх саміх. Па словах Наталлі Леанідаўны, паступіла нямала заявак на ветэрынарных фельчараў з Міншчыны (там даволі высока цэняць выпускнікоў ЛДАКа, асабліва ў Любанскім раёне), але выканаць давялося далёка не ўсе (у першую чаргу неабходна забяспечыць патрэбы сельскагаспадарчай галіны Брэстчыны). Цікавы факт: на аднаго выпускніка аддзялення ветэрынарнай медыцыны паступіла 4-5 заявак, попыт на заатэхнікаў таксама ў 2 разы перавышаў прапанову.
Што датычыцца непасрэдна размеркавання, то выпускнікі з’яўляліся перад камісіяй згодна папярэдне складзенага рэйтынгу (улічваліся балы паспяховасці, удзел у грамадскім жыцці каледжа, спартыўныя дасягненні і г.д.). Рабяты, якія паступалі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі і вучыліся за кошт гаспадарак — 19 чалавек, — адправяцца працаваць у гэтыя самыя сельгаспрадпрыемствы. Навучэнцы з самым высокім сярэднім балам дыплома: Андрэй Грынчык з аддзялення ветэрынарнай медыцыны (бал 8,7) абраў КУСП “Уцёс” Баранавіцкага раёна, заатэхнік Алеся Шамоніна (9,18) — ААТ “Петкавічы” Баранавіцкага раёна. Аграном Андрэй Жалабкоўскі (8,83) разам з жонкай (таксама аграномам) адправяцца ў ДУСП “Заказельскі” Драгічынскага раёна. Дарэчы, як расказала Наталля Кірмель, непасрэдна на размеркаванне прыяз-джаў кіраўнік гэтага знакамітага на ўсю краіну сельгаспрадпрыемства, былы выпускнік ЛДАКа. “Заказельскі” стане першым месцам працы і для заатэхніка Дзмітрыя Папко і ветэрынара Марыны Якавец. Намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Ружаны-Агра” асабіста запрасіў на работу 4 заатэхнікі і ветэрынарнага фельчара. 5 сёлетніх выпускнікоў па размеркаванні чакаюць у “Агра-Ніве” Камянецкага раёна, а 2 – на эксперыментальнай базе “Ганусава” Нясвіжскага раёна. Нават некаторыя з каляджан, якія атрымлівалі адукацыю за ўласныя сродкі, пісалі заяву для прыняцця ўдзелу ў размеркаванні.
Пераважная большасць выпускнікоў размеркавана на сельгаспрадпрыемствы Брэстчыны. Адны з лепшых навучэнцаў агранамічнага аддзялення па спецыяльнасці “плодаагародніцтва” Аляксандр Сярко і Ганна Шклянік прыйшліся даспадобы ў сталічных інстытутах агародніцтва і плодаагародніцтва. Ганна, дарэчы яна таксама з Мінска, будзе працаваць лабарантам І катэгорыі аддзела ягадных культур і ўдзельнічаць у правядзенні навуковых даследаванняў па вывучэнні і селекцыі чорных парэчак.
Выпускнікі з дыпломамі ЛДАКа папоўняць і рады спецыялістаў-аграрыяў Ляхавіччыны. Праз месяц-другі дыпламаваныя заатэхнікі Таццяна Вялько, Аляксандр Гачко, Дзмітрый Трафімчук, Алена Саковіч з’явяцца ў СВК “Шлях новы”, “Ліпнянка”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс”, РСУП “Нача”. Новыя тэхналогіі будуць укараняць у раслінаводства СВК “Ліпнянка”, “Жарабковічы”, “Ляхавіцкі”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс” аграномы Алег Кудзіновіч, Ірына Панічава, Аляксандр Шымкевіч, Міхаіл Вайцешык, Іван Кораб і Дзмітрый Коршун. Міхаіл Панько, Павел Карагода і Кацярына Гламбоцкая будуць у адказе за стан ветэрынарнай медыцыны ў СВК “Жарабковічы”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс” і РСУП “Нача”.
Маладых спецыялістаў з нецярпеннем чакаюць у гаспадарках. А рабяты пакуль робяць апошнія крокі да атрымання дыплома аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Наперадзе ў іх дзяржаўныя экзамены, абарона дыпломнай работы, развітальны баль і шырокая дарога ў самастойнае дарослае жыццё. І хутка іх тэарэтычныя і практычныя веды дадуць вытворчыя вынікі.
Наконт таго, наколькі доўга маладыя спецыялісты затрымаюцца на сваім першым, гарантаваным дзяржавай рабочым месцы, пакажа час. А залежыць гэта не толькі ад заработнай платы і створаных бытавых умоў, але і ад адносін кіраўніцтва да маладых кадраў. Няхай першы блін не будзе комам. Але ў любым выпадку ўчарашнія навучэнцы і будучыя спецыялісты заўсёды могуць па “гарачым тэлефоне” пазваніць у каледж, задаць хвалюючае пытанне і атрымаць патрэбную кансультацыю. Да таго ж мабільныя групы ў складзе выкладчыкаў розных дысцыплін, юрысконсультаў выязджаюць на першае месца працы выпускнікоў. Знаёмяцца з умовамі работы і быту і аказваюць дапамогу ў станаўленні спецыяліста-прафесіянала. У каледжы былых навучэнцаў не бывае, пра кожнага ведаюць і памятаюць.
Галіна КАНЬКО.

2 thoughts on “Час пік у ЛДАКу. Для выпускнікоў

  • 27/05/2010 в 16:49
    Permalink

    Цікава, ці многа дае адукацыя для працы у сельскай гаспарцы?
    На мой погляд, дымлом зусім не абавязковы.

  • 29/05/2010 в 11:09
    Permalink

    З тым жа самым поспехам можна сказаць пра любую спецыяльнасць. У любой навучальнай установе мы атрымоўваем адукацыю, спецыялістамі нас робіць вопыт. А да нейкай спецыяльнасці ёсць патрабаванні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *