Сквер у гонар піянерыі. Навучэнцы школ Ляхавічаў пасадзілі дрэўцы

19 мая, калі адзначала стагоддзе піянерская арганізацыя, навучэнцы гарадскіх школ пасадзілі дрэўцы на тэрыторыі недалёка ад магазіна «Санта»

– Гэты ўчастак знаходзіцца на балансе Навасёлкаўскага сельвыканкама.
Ён даўно пуставаў, даводзілася змагацца і з пустазеллем, і не дапускаць утварэння несанкцыянаваных сметнікаў. Жыхары вуліцы Інтэрнацыянальнай выступілі з прапановай азеляніць яго. Ініцыятыва і сапраўды слушная, разглядаліся розныя варыянты. Было прынята рашэнне разбіць тут міні-сквер. Пасадку дрэў прымеркавалі да юбілею піянерыі, бо многія з ляхавічан ці былі, ці цяпер з’яўляюцца членамі гэтай папулярнай дзіцячай арганізацыі. Акрамя таго, пасадка – частка мерапрыемстваў падчас раённага месячніка па добраўпарадкаванні.  Удзячны Ляхавіцкаму лясгасу, які адгукнуўся на просьбу і прадаставіў 22 саджанцы клёнаў і бяроз, – расказвае старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандр Мацюшэнка.
Беражліва, акуратна рабяты, настаўнікі, прадстаўнікі Навасёлкаўскага сельвыканкама дрэўца за дрэўцам стваралі маладую алею, якая, без сумненняў, упрыгожыць Ляхавічы.
– Піянеры добрыя, справядлівыя, ініцыятыўныя, клапоцяцца і пра пажылых, і пра малышоў. А яшчэ яны любяць сваю Радзіму і аберагаюць прыроду. Рады, што ўдзельнічаю ў такой акцыі і сам саджу дрэвы. Яны вырастуць, і тут будзе ўтульна. Мы любім Ляхавічы, – гаворыць прадстаўнік піянерскай дружыны імя Мікалая Гастэлы СШ № 2 Сямён Глушко.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.