Чаго хочуць дзеці? Чым хлопчыкам і дзяўчынкам у Ляхавіцкім раёне заняцца на канікулах

Падрыхтоўка да летняга сезона ідзе самая сур’ёзная – дарослыя летні адпачынак хлопчыкаў і дзяўчынак прадумваюць ад а да я, прадугледжваюць розныя формы занятасці і меры па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя.

Канешне, у адказе за сваіх дзяцей, у першую чаргу, бацькі, але і школы не здымаюць з сябе адказнасці. На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама абмяркоўвалі не толькі варыянты занятасці ўсіх школьнікаў, але і асобных катэгорый непаўналетніх. У цэнтры асаблівай увагі – рабяты, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа, і тыя, хто прызнаны ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
З кожным з іх, а таксама з іх бацькамі вялася індывідуальная размова, якая датычыла вольнага часу рабят на канікулах і таго, што яны не павінны быць прадастаўлены самі сабе. Важна дзень напоўніць так, каб у хлопчыкаў і дзяўчынак не ўзнікла нават думкі заняцца супрацьпраўнай справай. Важна забяспечыць бяспечнае знаходжанне як дома, так і на вуліцы.
Дзе можна адпачыць школьнікам падчас трохмесячных канікулаў? Аздараўленнем у раёне плануецца ахапіць каля 1000 рабят ва ўзросце ад шасці да 17 гадоў. У «Чайцы» за чатыры змены (кожная па 18 дзён) адпачнуць 320 рабят, у тым ліку льготных катэгорый (малазабяспечаных, няпоўных і мнагадзетных сем’яў).
На чацвёртай змене для 20 непаўналетніх запланавана дзейнасць абаронна-спартыўнага атрада «Выратавальнік».
Пры школах будуць працаваць аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем. З 6 па 25 чэрвеня яны запросяць рабят з гімназіі, Дараўскага, Падлескага, Конькаўскага, Малагарадзішчанскага ВПК, Крывошынскай, Начаўскай, Востраўскай, Навасёлкаўскай, Ліпскай і Тухавіцкай школ. У СШ № 1 змена пачнецца 11 і завершыцца 30 ліпеня, у СШ № 2 лагер працуе з 8 па 27 жніўня. Як і заўсёды, педагогі створаць умовы для таго, каб рабяты і здароўе ўмацавалі, і назапасілі шмат цудоўных уражанняў.
Спартсменаў чакаюць дзве змены ў дзённым лагеры СДЮШАР: першая – з 1 па 21 чэрвеня, другая – з 8 па 27 жніўня.
Бацькоўская даплата тут за 18 дзён для шасці-сямігадовых рабят складзе 20 рублёў, 8–10-гадовых – 35 рублёў, 11–13-гадовых і 14–17-гадовых – адпаведна 45 і 50 рублёў. Для спартсменаў прадугледжана трохразовае харчаванне ў сталовай агракаледжа, дзе гатаваць для іх будуць повары райпо.

Лагеры працы і адпачынку сёлета будуць арганізаваны ў СШ № 1, Ліпскай СШ, Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча. У гарадской школе працай рабят забяспечыць камунгас. У Ліпскай і Крывошынскай школах рабяты зоймуцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі ўстаноў адукацыі і іншай работай, а зарплату ім налічыць упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Ужо вызначаны аб’екты, віды работ і тэрміны.
На базе васьмі школ плануецца і другасная занятасць, якая ахопіць 72 чалавекі. На яе арганізацыю на 2022 год упраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама выдзелена з абласнога бюджэту 18 тысяч рублёў, з якіх 5,4 тысячы рублёў ужо выплачаны на заработную плату школьнікаў, якія з пачатку года наводзілі чысціню і парадак на тэрыторыі навучальных устаноў, паркаў, рамантавалі кнігі. Напрыклад, 14–16-гадовыя рабяты з Жарабковіцкай школы за пяць дзён зарабілі па 53 рублі.
Навучэнцы Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча, Падлескага і Дараўскага ВПК увойдуць у склад студэнцкіх сельскагаспадарчых атрадаў.
Кожная школа раёна таксама адкрыта для тых, хто пажадае займацца спортам ці стаць удзельнікам забаўляльна-выхаваўчых мерапрыемстваў. Школьнікі змогуць наведаць аб’яднанні па інтарэсах у ЦДАДіМ. У чэрвені, напрыклад, там будуць сфарміраваны 29 груп зменнага складу. Гэта значыць, што не абавязкова быць запісаным у гурток: важна жаданне правесці час цікава і з карысцю.
У СДЮШАР з чэрвеня па жнівень школьнікам будзе прадастаўлена магчымасць бясплатна карыстацца паслугамі трэнажорнай і гульнёвай залы, гуляць у більярд, настольны тэніс. Дарэчы, на пачатку чэрвеня можна запісацца на заняткі да інструктара-метадыста раённага фізкультурна-спартыўнага клуба і займацца з ім валейболам і ў трэнажорнай зале.
Разнастаяць летні адпачынак і ўстановы культуры раёна, якія прапануюць дыскатэкі, конкурсна-забаўляльныя праграмы, тэатралізаваныя прадстаўленні і г. д. Непаўналетнія на канікулах незалежна ад месца жыхарства могуць свабодна, без запісу, наведваць усе гурткі, аматарскія аб’яднанні і клубы па інтарэсах, якія дзейнічаюць ва ўстановах культуры раёна.
Ідэі і прапановы наконт летняга адпачынку выказаў райкам БРСМ: па традыцыі, для моладзі загучыць «адкрыты мікрафон», пройдзе турнір па пляжным футболе, адбудзецца велапрабег па турыстычных мясцінах Ляхавіччыны, таксама прадуманы варыянты працаўладкавання ў складзе студэнцкіх атрадаў.
Супрацоўнікі ГДК абяцаюць дыскатэку ў парку (такія пажаданні выказалі рабяты 22 сакавіка на дыялогавай пляцоўцы, прысвечанай летняму адпачынку), ці ў будынку Дома культуры.
– З практыкі разумееш, сёння мала напісаць сцэнарый мерапрыемства і падрыхтаваць абсталяванне для яго правядзення. Патрабуецца ўменне выклікаць цікавасць у рабят і павесці іх за сабой. А для гэтага неабходна глядзець на сустрэчы, конкурсы і гульні вачыма дзяцей, быць з імі на адной хвалі і дакладна разумець, што яны хочуць, – адзначае намеснік старшыні райвыканкама старшыня камісіі па справах непаўналетніх Святлана Юрлевіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

ЛВ» пацікавіўся ў рабят, якія прыйшлі разам з бацькамі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, чым яны плануюць заняцца летам.

Давід, 4 клас:
– Лета для мяне пачнецца ў спартыўным лагеры ў СДЮШАР. Пасля пабуду ў вёсцы ў бабулі. Там буду наведваць бібліятэку і Дом культуры. На ліпень запісаўся ў прышкольны лагер. Там заўсёды цікава.
У жніўні разам з татам і мамай плануем паездзіць і пабыць разам.

Павел, 17 гадоў:
– Для мяне гэтае лета вельмі адказнае. Буду здаваць экзамены і паступаць. Як і заўсёды, планую дапамагаць бабулі. Люблю спорт, таму хачу наведваць спартыўную пляцоўку ў СДЮШАР. Гандбол для мяне любімы від спорту.
Данііл, 13 гадоў:
– Лета ў мяне распісана літаральна па днях. Трэба дапамагчы бабулі і адпрацаваць на практыцы. Магчыма, паеду ў санаторый. Буду прымаць удзел у мерапрыемствах у спартшколе, гуляць у футбол на стадыёне. У вёсцы ў бабулі ёсць бібліятэка, дзе летам таксама цікава.

Яўгеній, 8 клас:
– Канікулы правяду цікава. Пры школе будзе працаваць атрад па другаснай занятасці, я таксама туды запісаўся. Будзем прымаць удзел і ва ўсіх школьных мерапрыемствах.
У ліпені паеду ў санаторый «Сасновы бор». Летам і адпачну, і папрацую.