Хутчэй і далей. На рэспубліканскай спартакіядзе па лёгкай атлетыцы выхаванец Ляхавіцкай СДЮШАР заваяваў сярэбраны і бронзавы медалі

19-20 мая ў Брэсце прайшла спартакіяда дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2007-2008 г. н.
На рахунку выхаванца Ляхавіцкай СДЮШАР Цімура Плеўскага два медалі. У спартыўнай хадзьбе на 5000 метраў ён заваяваў серабро, а на 3000 метраў – бронзу. З пачатку года ў асабістай скарбонцы нашага земляка ўжо шэсць узнагарод: тры залатыя медалі, адзін сярэбраны і два бронзавыя.
– На дыстанцыі 5000 метраў Цімур адзначыўся ўпершыню, і вынік вельмі парадаваў. Свой асабісты рэкорд устанавіў на дыстанцыі 3000 метраў – калі на вобласці адлегласць пераадолеў за 15.03, то на рэспубліцы паказаў 15.00, – падкрэсліваюць трэнеры-выкладчыкі бегуна Андрэй Іванюценка і Алена Ульянава.
Пятай на спартыўнай дарожцы была выхаванка Ляхавіцкай СДЮШАР Ева Кудравец. У дысцыпліне «бег з перашкодамі» яна змагалася сярод дзесяці бегуноў.
10-11 чэрвеня Цімур Плеўскі і Ева Кудравец у складзе зборнай Брэсцкай вобласці выступяць на першынстве Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы, якое пройдзе ў Віцебску.
Наталля ПЕРАПЕЧКА