Нашчадкі памятаюць. Навучэнка СШ № 1 стала ўладальніцай дыплома III ступені рэспубліканскай навукова-даследчай канферэнцыі навучэнцаў

Навучэнка СШ № 1 Паліна Курловіч стала ўладальніцай дыплома III ступені рэспубліканскай навукова-даследчай канферэнцыі навучэнцаў «Вялікая Айчынная вайна: гісторыя і памяць», якая прайшла ў межах патрыятычнай акцыі «Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем».

Васьмікласніца разам з настаўніцай гісторыі Марынай Глушко вывучалі жыццёвы шлях земляка ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Анатолія Маслоўскага.
Для даследчай працы былі вывучаны дакументы, прааналізаваны матэрыялы перыядычнага друку і інтэрнэт-рэсурсаў, выкарыстаны ўспаміны родных і калег, асабістыя запісы і ўспаміны ветэрана і г. д. У выніку даследаванне падзелена на дзве часткі: «Біяграфічны нарыс» і «Народны мсціўца».
19-гадовым юнаком у верасні 1942 года Анатолій Маслоўскі пайшоў у партызанскі атрад змагацца з ворагам, потым у армейскіх радах удзельнічаў у баявых аперацыях. Меў шматлікія ўзнагароды, сярод якіх медалі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» I і II ступеняў, «За адвагу» і многія іншыя.
Пасля вайны Анатолій Маслоўскі працаваў у Ляхавіцкім райкаме партыі, загадваў сектарам прапаганды і агітацыі. У яго працоўнай біяграфіі быў і мясцовы саўгас-тэхнікум, дзе пасаду выхавальніка ён сумяшчаў з дзейнасцю ў музеі баявой і працоўнай славы, а справай свайго жыцця лічыў збор і захаванне гістарычнай памяці.
– У сваёй рабоце Паліна паказала значнасць асобы земляка-героя ў маштабах краіны і ў межах невялікага горада, яго асабісты ўклад у Вялікую Перамогу, – пад-крэслівае Марына Глушко.
– Для мяне і маіх равеснікаў кожны ўдзельнік Вялікай
Айчыннай вайны – герой. Мой прадзед таксама ваяваў, дайшоў да Берліна. Бацькі шмат расказваюць пра яго, як рэліквію захоўваем яго фотаздымак, – дзеліцца Паліна Курловіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.