Пад надзейнай аховай

На мінулым тыдні з рабочым візітам аддзяленне па ахове аб’ектаў горада Ляхавічы наведалі намеснік начальніка дэпартамента аховы – начальнік упраўлення міліцэйскай ваенізаванай і вартавой аховы генерал-маёр міліцыі Максім Міронаў, а таксама кіраўнікі абласных упраўленняў дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.

Рабочую дэлегацыю сустрэлі каля будынка Ляхавіцкага аддзялення. Сёлета гэты аб’ект абнавіўся: рамонтныя работы супрацоўнікі аддзялення выконвалі самастойна. Варта адзначыць, што месца, дзе сёння размяшчаюцца ляхавіцкія вартаўнікі, мае гістарычнае значэнне, гэта адзін з самых старых будынкаў Ляхавіч. Якасць і тэмпы касметычнага рамонту адміністрацыйнага будынка ацэнены станоўча.
Да абмеркавання працоўных момантаў – важны гістарычна-экскурсійны аспект: генерал-маёра міліцыі Максіма Міронава пазнаёмілі з турыстычным патэнцыялам Ляхавіччыны, прадэманстравалі мясцовы пашпарт турыста і буклет з самымі значнымі месцамі раёна.
Сярод акцэнтных тэм – вынікі службовай дзейнасці Ляхавіцкага падраздзялення аховы. Гэта зладжаны калектыў, які сёння прадстаўляюць 50 чалавек у складзе атэставаных і грамадзянскіх супрацоўнікаў. Усяго ў раёне пад наглядам ляхавіцкіх вартавых 49 аб’ектаў, усталяваны 92 трывожныя кнопкі, 39 аб’ектаў знаходзяцца пад наглядам пункта цэнтральнага назірання, на дзевяці аб’ектах службу нясуць вартавыя пастоў фізічнай аховы.
Таксама былі акрэслены накірункі і арыенціры далейшай работы падраздзялення.

Аляксандр ХІТРЫК, начальнік аддзялення па ахове аб’ектаў г. Ляхавічы Баранавіцкага аддзялення дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.