У Дзень абароны дзяцей у Ляхавічах стартаваў чарговы аздараўленчы сезон

Шматлюдна, весела і цікава было ў мінулую сераду на гарадскім стадыёне «Колас». Хлопчыкі і дзяўчынкі з усяго раёна, а таксама іх настаўнікі, бацькі сабраліся разам у Дзень абароны дзяцей, каб даць старт чарговаму аздараўленчаму сезону. Такая падзея
на Ляхавіччыне адбылася ўпершыню.

Яшчэ да пачатку мерапрыемства рабяты знайшлі сабе заняткі па душы: адны гулялі ў футбол, іншыя трэніраваліся на спартыўнай пляцоўцы, не пуставала і папулярная варкаўт-пляцоўка.
Дарэчы, 1 чэрвеня ў Ляхавічах адразу адзначаліся чатыры падзеі. Да вышэйазначаных далучыліся рэспубліканская акцыя «Мары нараджаюцца – мары збываюцца!» (асноўныя мерапрыемствы якой – віртуальная выстава-панарама «Рэцэпты карысных канікулаў», дыстанцыйны фестываль «Лета анлайн», інфармацыйна-метадычны праект «Лета – час дзейнічаць», фотаконкурс «Кроч за марай», акцыя «Летні інфабус» і іншыя будуць доўжыцца ўсё лета), адкрыццё першай змены ў спартыўна-аздараўленчым летніку «Каласок», што дзейнічае пры СДЮШАР.
Павіншавалі рабят з пачаткам канікулаў і са святам дзяцінства, пажадалі запамінальнага адпачынку і новых знаёмстваў галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Зубік і галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука.
Узнагароджаны пераможцы раённага конкурсу малюнкаў «Імгненне вечнасці», ініцыяванага райвыканкамам і райкамам ГА «БРСМ» і прымеркаванага да Года гістарычнай памяці: супрацоўнік РАНС Аляксандр Заплёцін, вучаніца Навасёлкаўскай СШ Анастасія Канецпольская і вучаніца СШ № 2 Дар’я Казакевіч. Пераможцы атрымалі права рэалізаваць свае эскізы на фартыфікацыйных
збудаваннях раёна.
Якую ж цікавую, разнапланавую праграму з калектыўнымі гуль-
нямі, віктарынамі, забаўляльнымі конкурсамі, крычалкамі, мноствам сюрпрызаў падрыхтавалі педагогі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей  і моладзі. А песенна-танцавальны марафон юных артыстаў Ляхавіччыны нікога не пакінуў абыякавым – выступалі класна! І калі ўсе летнія канікулы пройдуць з такім жа  інтарэсам, эмацыянальна і змястоўна, то з упэўненасцю можна
будзе сказаць: адпачынак атрымаўся.

Марыя ШУЛЯК:
– Спачатку буду на канікулах дома, у Ляхавічах, а потым паеду да цёці ў Лунінецкі раён. Думаю, што там добра адпачну, каб з новымі сіламі ўзяцца за вучобу
ў чацвёртым класе.

Раман БУЙКЕВІЧ:
– Ура! Нарэшце адкрылася змена ў маім любімым «Каласку». Я ў такі лагер запісваюся ўжо чацвёрты год. Тут заўжды цікава, столькі ўсякіх мерапрыемстваў, спаборніцтваў для нас арганізоўваюць. Спадзяюся, і на гэтай змене многа чаго запамінальнага будзе. Займаюся лёгкай атлетыкай, таму і ў лагеры прадоўжу трэніроўкі.

Эвеліна БАГДАНОВІЧ:
– Лета – гэта класна! Канікулы цэлыя тры месяцы, так іх чакала. Упершыню паеду ў лагер «Чайка», бацькі купілі пуцёўку на трэцюю змену. Упэўнена, мне там вельмі спадабаецца. Хачу не толькі адпачыць, але і знайсці новых сяброў.

Валерыя САДОЎСКАЯ:
– А я летам застануся дома. Кажуць, у лагер мне ехаць яшчэ рана – малая.  Але і дома дакладна сумаваць не буду, заўсёды знайду сабе занятак.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.