Ляхавіцкі «пашпарт турыста» ў Гродне. Турпатэнцыял і нашага раёна ацанілі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў

Больш за восем сотняў удзельнікаў, звыш трох дзясяткаў нацыянальна-культурных аб’яднанняў – гэта XIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які ў мінулыя выхадныя сустракаў Гродна.

Шматнацыянальнае шэсце, дзе ў адным патоку ідуць беларусы, рускія, украінцы, армяне, палякі, грузіны, яўрэі і іншыя.
18 падворкаў, дзе кожны народ гасцінна дэманструе сваю самабытнасць, культуру і нацыянальныя стравы і шчыра запрашае пакаштаваць. Гэта трэба бачыць, на такім свяце культур трэба пабыць хоць аднойчы! І тады добра разумееш, што сяброўства сцірае межы і дорыць жаданне адправіцца ў падарожжа. Хто ведае, можа пасля знаёмства з ляхавіцкімі запрашэннямі хтосьці захоча паглядзець і на мясцовыя краявіды, пазнаёміцца са славутасцямі. На фестывалі ў Гродне ў экспазіцыі Брэсцкай вобласці прэзентаваўся і турыстычны патэнцыял Ляхавіцкага раёна: сувенірная прадукцыя з лагатыпам, яркія буклеты – «Падарожжа па Ляхавіцкім краі», рэкламны тур па маршруце Мінск – аграгарадок Дарава – Ляхавічы –
вёска Мядзведзічы (канцэрт арганнай музыкі ў касцёле Святых Пятра і Паўла) і іншае. Але асаблівай папулярнасцю карыстаўся ляхавіцкі «пашпарт турыста», абноўлены сёлета. Што ў ім?
– Гэта своеасаблівы даведнік па нашым краі, дзе змешчаны пералік і фотаздымкі гісторыка-культурных славутасцяў Ляхавіч-
чыны, кароткая інфармацыя пра раён, аб’екты грамадскага харчавання, карысная турыстычная інфармацыя, дзе можна размясціцца, тэлефоны экстранных службаў і многае іншае, – падкрэслівае галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.