Творчасць з журналісцкай душой

Для кожнага чалавека свой куток самы мілы і дарагі сэрцу… Для кожнага рэдактара яго раёнка самая родная, там назаўжды пасяліліся душа, творчасць, любоў. Менавіта пра гэта падумалася, калі сустрэлася з тымі, хто стаіць на варце творча-інфармацыйнага жыцця Брэстчыны. На мінулым тыдні кіраўнікі і журналісты СМІ вобласці аб’ядналіся на хвалі атмасфернай Піншчыны. Менавіта ў гэтым гістарычна-незвычайным месцы адбылася ХVІІІ цырымонія ўзнагароджання пераможцаў штогадовага спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, аб’яднаных, раённых і гарадскіх газет, тэлебачання і радыё, прафесійных журналістаў.

Шчырая радасць за калег і віншаванні – вось адкрытасць нашай журналістыкі. Такія сустрэчы аб’ядноўваюць і дэманструюць, якія мы розныя і якія адзіныя ў памкненні зрабіць Беларусь лепшай.
У нас аднолькавыя пытанні, штодзённыя задачы, з якімі сутыкаюцца калектывы, шмат нагодаў парадавацца і задаволіць свой творчы апетыт. Мы такія розныя, але такія падобныя. І асабліва мне шанцуе быць у гэтым творчым пуле: вучыцца ў лепшых, пераймаць і эксперыментаваць ужо на месцы. Чарговы раз пераконваюся: Брэстчына надзвычай багатая на таленты. Творчыя праекты, прадстаўленыя на суд журы, увабралі ў сабе гонар і любоў да малой радзімы, жаданне заявіць пра сябе на ўвесь свет, яны пранікнёныя і смелыя, патрыятычныя і культурна-гістарычныя… Што асабліва заўсёды кранае мяне, гэта адкрытае жаданне калег дапамагчы і падказаць. Брэстчына – дружная і ў плане творчага плённага супрацоўніцтва.
Напружанне – і інтрыга вырашана.  У ліку лепшых газет – баранавіцкі
«Наш край», столінскія «Навіны Палесся», бярозаўскі «Маяк». Нашы віншаванні калегам-пераможцам. Сярод тых, хто ў гэты дзень таксама атрымаў узнагароды, – і «веснікаўцы».
У намінацыі «Выхаванне патрыятызму і грамадзянскасці» пераможца – загадчык аддзела «ЛВ» Наталля Перапечка. «Веснікаўцы» таксама далучаюцца да пажаданняў творчасці і натхнення!
Калектывы ТРК «Брэст» і ТРК «Пінск» – лепшыя сярод рэдакцый тэлебачання і радыё Брэсцкай вобласці.
Гучала многа імёнаў і намінацый, праектаў і рубрык, якія праслаўляюць рэгіёны. Гонар за такую работу!
Віншаванні і заслужаныя ўзнагароды журналістам вобласці ўручыла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Гагакава.
Сапраўднае журналісцкае свята дапаўняла атмасфера гістарычнага Пінска. Пашчасціла пераможцам і ўдзельнікам цырымоніі апынуцца ў часе, калі ў Нясвіжы кіпела свецкае жыццё, калі нашчадак польскай
кароны Жыгімонт закахаўся ў Барбару,
што стала яго заўсёдным смуткам і болем. Менавіта гэты драматызм, гісторыю трагічнага кахання перадалі таленавітыя акцёры Палескага драмтэатра ў пастаноўцы «Чорная панна Нясвіжа».
Экскурсія па рацэ Піне – само па сабе запамінальна. Свята творчасці ў акружэнні акул пяра, тых, хто пачынае журналісцкія крокі, і хто на гэтым  шляху мае права назваць сябе профі з вялікай літары. І ў гэтым плённым сугуччы нараджаюцца новыя тэмы, падыходы, выйсце з розных складаных сітуацый. Вось такая планёрка ў аздабленні творчасці, віншаванняў і пажаданняў!

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.