Падарожжа з патрыятычным настроем. Дзесяцікласніца СШ №1 г. Ляхавічы прыме ўдзел у расійска-беларускім праекце «Цягнік Памяці»

Ганарова і вельмі хвалююча стаць удзельніцай маштабнага праекта, адзначае дзесяцікласніца СШ №1 г. Ляхавічы Вікторыя Навіцкая. Яна прыме ўдзел у расійска-беларускім праекце «Цягнік Памяці», які стартуе 22 чэрвеня ў дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а фінішуе ў беларускай сталіцы 3 ліпеня – у дзень вызвалення Мінску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

– Каманда нашай школы «Патрыёты» нядаўна спаборнічала ў абласным этапе ваенізаванай гульні «Арляня». Было незабыўна і захапляльна. На некалькі дзён апынуліся ў ваенна-палявых умовах жыцця. Гэта загартоўвае. Яшчэ не ведаю, як гэта быць удзельніцай такога маштабнага маладзёжнага праекта, як «Цягнік Памяці», але ўпэўнена, што сама ідэя яго – шчырая ўдзячнасць за шчаслівае дзяцінства нашым дзядам і прадзедам ад сучаснага пакалення.
А яшчэ гэта цудоўная магчымасць пабываць у мясцінах баявой славы, музеях, пазнаёміцца са славутасцямі розных гарадоў дзвюх краін. Вельмі прыемна, што мяне запрасілі. Люблю падарожнічаць, знаёміцца з новым і цікавым. Класна, што разам будзе моладзь з Беларусі і Расіі. У нас шмат агульнага, а сяброўства аб’ядноўвае. А гэта значыць, што праўда пра ваенныя падзеі і памяць пра гераізм салдатаў Перамогі будуць жыць, – дзеліцца Вікторыя Навіцкая.
Віка з тых школьнікаў, хто заўсёды ў цэнтры падзей і не пасуе перад цяжкасцямі. Праяўляе сябе як у навучальнай дзейнасці, так і ў грамадска-карысных справах.
Яна сакратар школьнай пярвічкі БРСМ, член валанцёрскага атрада «Чыстыя сэрцы». Адна з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «У кожнага часу свае героі», а яшчэ дыпламант абласных конкурсаў і навукова-даследчых прац. Нязменны камандзір у абласных этапах ваенізаваных гульняў «Зарніца» (летась перамагла ў намінацыі «душа кампаніі») і «Арляня» (сёлета каманда ўвайшла ў пяцёрку лепшых). 
Маршрут расійска-беларускага праекта «Цягнік Памяці», удзельнікамі якога на працягу 14 дзён стануць 200 лепшых школьнікаў дзвюх краін, пройдзе праз гарады Беларусі і Расіі.
Патрыятычны праект, ініцыяваны старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталляй Качанавай і старшынёй Савета Федэрацыі Расійскай Федэрацыі Валянцінай Матвіенка, прысвечаны Году гістарычнай памяці. Ён стане часткай IX Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.