Верасень. «Дажынкі». Ляхавічы!

Па традыцыі на "Дажынках" першы каравай з зерня новага ўраджаю- кіраўніку вобласці

Тое, што так доўга чакалі, да чаго Ляхавічы рыхтаваліся некалькі месяцаў, нарэшце, адбылося. У мінулую суботу наш райцэнтр другі раз за сваю гісторыю стаў сталіцай абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2013″.

Такога ажыўлення на вуліцах горада (якія, дарэчы, апошнім часам значна абнавіліся, сталі больш сучаснымі, шырокімі і добраўпарадкаванымі) не назіралася вельмі даўно. Склалася ўражанне, што на “дажыначны” праменад выйшлі ці не ўсе ляхавічане! Сотні гасцей з’ехаліся сюды: хтосьці, каб ствараць і падтрымліваць святочную атмасферу, а іншыя – каб ад душы адпачыць і парадавацца за працоўныя поспехі герояў жніва.

Хлебам-соллю і прывітальнымі песнямі сустракалі на ляхавіцкай зямлі ганаровых гасцей – старшыню абласнога выканаўчага камітэта Канстанціна Сумара, Героя Беларусі, намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Пятра Пракаповіча, намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васілія Паўлоўскага. На “Дажынкі” ў Ляхавічы прыехалі адказныя работнікі Савета Міністраў і аблвыканкама, кіраўнікі абласных службаў і прадпрыемстваў. А свята і сапраўды было дастойна прымаць самыя прадстаўнічыя дэлегацыі!

Кінатэатр адкрыты: сімвалічную стужку перарэзалі кіраўнік Брэстчыны Канстанцін Сумар і выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Уладзімір Дзяжурны.

Для кіраўніка вобласці святочны візіт у Ляхавічы пачаўся з наведвання стадыёна “Колас”. Канстанцін Сумар адкрыў абласны турнір па футболе, прысвечаны ўшанаванню пераможцаў абласных “Дажынак-2013”. І  гэта вельмі сімвалічна: каб перамагаць на прафесійнай арэне, трэба з дзіцячых гадоў вучыцца працаваць над сабой і ў камандзе, быць настойлівым і мэтанакіраваным, весці здаровы лад жыцця. Менавіта гэтага пажадаў губернатар юным спартсменам, уручаючы ў падарунак  новыя футбольныя мячы. Канстанцін Андрэевіч з інтарэсам зазірнуў і на шахматна-шашачны турнір, што праходзіў пад адкрытым небам у двары СШ № 2, пажадаў паспяховага шляху ўдзельнікам велапрабегу.

Некалькі дзясяткаў крокаў са школьнага двара – і трапляеш на галоўную гарадскую вуліцу. На суботу яна поўнасцю ператварылася ў пешаходную. А прагулка па ёй магла заняць і некалькі гадзін – у большасці якраз тут размясціліся гандлёвыя кропкі, разгарнулі свае павільёны прадпрыемствы грамадскага харчавання. Разам з гасцямі і ўдзельнікамі свята з задавальненнем дэгуставаў прадукцыю лепшых харчовых і перапрацоўчых прадпрыемстваў вобласці яе кіраўнік. А яшчэ не змог адмовіць удзельнікам мастацкай самадзейнасці прайсці круг полькі –  вельмі лёгка і грацыёзна.

Ад кінатэатра «Кастрычнік» калона рушыла да галоўнай пляцоўкі фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2013».

У гэты час на другім канцы вуліцы ішлі апошнія прыгатаванні да важнай падзеі раённага маштабу. Цікаўная публіка сабралася каля кінатэатра “Кастрычнік”, які ў гэты дзень расчыняў дзверы пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй. Па вялікім рахунку, ад колішняга тут засталася хіба што назва. Сучасныя памяшканні, зручная глядацкая зала на 153 месцы, магчымасць дэманстрацыі фільмаў у лічбавым фармаце, у тым ліку 3D – сёння ў “Кастрычніка” ёсць усе магчымасці стаць адным з любімых месцаў адпачынку гараджан! Для такога пераўзбраення спатрэбіўся час і больш за 4 мільярды бюджэтных рублёў.

Сімвалічную стужку ля ўвахода ў кінатэатр перарэзалі старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар і намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Дзяжурны. Цяпер справа за малым – кінавідэапрадпрыемству прапанаваць землякам цікавыя сеансы, а ляхавічанам – палюбіць глядзець кіно не дома на канапе, а ў добрай кампаніі ў абноўленым кінатэатры.

Менавіта ад гэтага знакавага аб’екта пачалося святочнае шэсце калоны перадавікоў. Лепшыя працаўнікі з ўсіх раёнаў Брэстчыны крочылі па вуліцы да галоўнай святочнай пляцоўкі, якая размясцілася на плошчы Леніна. Калона прыпынілася літаральна на некалькі хвілін, каб аддаць даніну павагі воінам-вызваліцелям – ускласці карзіну кветак да помніка на плошчы Перамогі.

Канстанцін Сумар узнагародзіў і лепшых аграномаў Брэстчыны, сярод якіх Іван Вітко (СВК "Ляхавіцкі")

–Ад душы хачу падзякаваць вам, а ў вашых асобах – і ўсім хлебаробам вобласці за нялёгкую працу, цярпенне і вытрымку, адказнасць і прафесіяналізм, дзякуючы якім Брэстчына пацвердзіла рэпутацыю развітага аграрнага рэгіёну , які сабраў больш за мільён тон зерня. Такую планку мы ўпэўнена трымаем з 2008 года, нягледзячы на ўмовы надвор’я, – звярнуўся да ўдзельнікаў свята кіраўнік вобласці.

Ва ўсіх гэтых поспехах, падкрэсліў Канстанцін Андрэевіч, –  сумесная праца хлебаробаў, жывёлаводаў, перапрацоўшчыкаў. Свой уклад у агульную справу ўносіць і інтэлігенцыя – настаўнікі, медыкі, работнікі культуры і многія іншыя. І ўсё ж менавіта хлеб – усяму пачатак, таму зернеўборку кіраўнік Брэстчыны назваў стрыжнем развіцця ўсёй аграрнай галіны, а героямі свята – хлебаробаў.

Сёлета 37 гаспадарак вобласці атрымалі ўраджайнасць большую за 40 цэнтнераў з гектара. Лепшы вынік – У СВК “Александрыя-Агра” Камянецкага раёна – больш за 63 цэнтнеры з гектара. Пераможцамі абласных спаборніцтваў на ўборцы зерневых сталі Пружанскі, Бярозаўскі і Баранавіцкі раёны, а Брэсцкі прэтэндуе на перамогу ў рэспубліканскім спаборніцтве.

Ляхавіцкія пераможцы

І вось галоўная падзея, дзеля якой, уласна кажучы, штогод і арганізуецца такое яскравае свята, – ушанаванне перадавікоў. Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар  асабіста дзякаваў кожнаму, хто сваёй шчырай працай зарабіў права звацца лепшым.

На сцэну для ўзнагароджання паднімаліся вопытныя хлебаробы і моладзь, камбайнеры і вадзіцелі, аператары зернесушыльных комплексаў, кіраўнікі і простыя працаўнікі, прадстаўнікі розных раёнаў і гаспадарак, навучэнцы ССНУ сельскагаспадарчага профілю і іх педагогі. Побач з мужчынамі – прадстаўніцы прыгожай паловы, не так многа, але яны відавочна расквецілі і ўпрыгожылі рады перадавікоў.

Безумоўна, надзвычай прыемна, што сярод лепшых з лепшых гучалі і ляхавіцкія прозвішчы. На сцэну пад шчырыя апладысменты землякоў і калег выходзілі нашы. Адным з першых – старшыня СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко (гаспадарка заняла трэцяе месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур у 2013 годзе). Неаднаразовы пераможца абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў старшы камбайнер ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” Андрэй Юруць сёлета заняў другое месца ў намінацыі  сярод старшых камбайнераў сельгасарганізацый, а  яго напарнік камбайнер Дзмітрый Равяка стаў уладальнікам другога месца ў сваёй намінацыі. Сярод старшых камбайнераў маладзёжных экіпажаў першым месцам адзначана жніўная праца Васілія Шадуры з СВК “Шлях новы”, на другім месцы – старшы камбайнер СВК “Жарабковічы” Сяргей Бурак. Не засталіся без заслужаных узнагарод і мясцовыя вадзіцелі: Мікалай Лойка з СВК “Канюхі” (другое месца сярод вадзіцеляў на перавозцы зерня), Аляксандр Глазуноў з СВК “Жарабковічы” (першае месца сярод маладых вадзіцеляў), Яўгеній Кірыла з СВК “Ляхавіцкі” (трэцяе месца сярод маладых вадзіцеляў). Сярод галоўных аграномаў сельгаспрадпрыемстваў не першы раз перамогу святкаваў яшчэ адзін прадстаўнік СВК “Ляхавіцкі” Іван Вітко. Дарэчы, зусім нядаўна Іван Аляксандравіч быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі” – і такая ацэнка яго прафесіяналізму вельмі красамоўная.

– Спадзяюся, што ў наступным годзе мы адсвяткуем “Дажынкі” з яшчэ больш важкім караваем. Хачу пажадаць усім добрага працоўнага настрою, каб усе нашы планы спраўдзіліся! – гэтае пажаданне Канстанціна Сумара можна лічыць праграмай дзеяння на бліжэйшую перспектыву.

Кіраўнікі гаспадарак-пераможцаў абласнога спаборніцтва. У цэнтры старшыня СВК «Ляхавіцкі» Аляксандр Вітко.

Між іншым, у самай  бліжэйшай  будучыні брастаўчан чакае яшчэ адна важкая ўзнагарода. Прыемную навіну агучыў са святочнай сцэны намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Васілій Паўлоўскі, які паведаміў, што літаральна напярэдадні на калегіі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання былі падведзены вынікі рэспубліканскага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю 2013 года. 27-28 верасня на рэспубліканскіх “Дажынках” у Жлобіне Брэсцкую вобласць будуць ушаноўваць як пераможцу! І гэта, канешне, не выпадковасць: сёлета, насуперак капрызам надвор’я, хлебаробы Брэстчыны сабралі больш як 1мільён 70 тысяч тон збожжа.

Намеснік міністра ўручыў шэрагу працаўнікоў граматы Мінсельгасхарчу.

Лепшых хлебаробаў Брэстчыны віталі старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Басалай і старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Флар’яновіч.

Шыкоўным падарункам для ўдзельнікаў і гасцей свята, усіх гараджан  стаў канцэрт-віншаванне ад лепшых творчых калектываў вобласці. На сцэну выходзілі Заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь ансамбль песні і танца “Радасць” Брэсцкага ГДК, хор “Крыніца” Столінскага ГДК, ансамбль песні і танца “Палескія зоры” Пінскага ГДК,  ансамбль бальнага танца “Фіеста” Баранавіцкага ГДК, народныя тэатр гумару, песні і гульні “Хмелеўскія валацугі” і тэатр народнага гумару “Спораўскі акалот” Спораўскага цэнтра культуры і вольнага часу Бярозаўскага раёна, ансамбль песні і музыкі “Мірскія музыкі” Мірскага СДК Баранавіцкага раёна, хор “Родная старонка” ААТ “Птушкафабрыка “Дружба”, ансамбль “Рыцкі куфэрак” Маларыцкага ГДК, вакальны ансамбль “Благавест” Чарнаўчыцкага СДК Брэсцкага раёна і многія іншыя. Сярод самадзейных артыстаў – і нашы “Крыніца”, “Экспрэс”, “Народныя музыкі”. Чыстыя моцныя галасы, трапныя жарты, адточаныя да дробязяў рухі танцораў – дзеля такога задавальнення варта было дараваць надвор’ю яго не зусім святочныя паводзіны!

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Верасень. «Дажынкі». Ляхавічы!

  • 18/09/2013 в 07:20
    Permalink

    СВК “Ляховичский”- ты лучший. Поздравляем!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *