Запішыце мяне ў атрад!

Многія школьнікі зараз аддаюць перавагу спалучэнню «вольны час – падпрацоўка». Такую магчымасць прадастаўляюць лагеры працы і адпачынку, студэнцкія атрады і г. д. На Ляхавіччыне другасная занятасць даволі папулярная сярод школьнікаў і каляджан: са студзеня па май ёю ў раёне былі ахоплены 62 навучэнцы з шасці ўстаноў адукацыі.

Мерапрыемствамі па садзейнічанні занятасці моладзі Ляхавіцкага раёна прадугледжана працаўладкаванне і арганізацыя сацыяльнай службай часовай занятасці толькі ў чэрвені 30 чалавек. На 2022 год на заработную плату са сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва выдзелена 18 тысяч рублёў, падкрэслівае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла.
Васьмікласніца Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча – камандзір атрада «Промні Радзімы» Ульяна Капылова ў лагеры працы і адпачынку «Юнацтва» першы раз, але ўжо вырашыла, што і на наступны год таксама запішацца ў атрад. Школьніца адзначае, што адчувае сябе дарослай – у яе з’явілася працоўная кніжка, а пасля будуць яшчэ і ўласныя грошы. Так канікулы праходзяць і карысна, і цікава. Чым займаюцца школьнікі з «Прамянёў Радзімы»? Праполваюць кветкі, добраўпарадкуюць школьную тэрыторыю, у тым ліку спартыўную пляцоўку, і многае іншае. Стала традыцыяй наводзіць чысціню ў Рэпіхаўскім парку. Трохгадзінную працу змяняюць выхаваўча-забаўляльныя мерапрыемствы. У лагеры кожны дзень тэматычны з адпаведным дэвізам: дзень краязнаўцы, дзень патрыёта, дзень прафесіянала і іншыя.
У Ліпскай СШ лагер працы і адпачынку летам дзейнічае другі год. Атрад з дзесяці чалавек назвалі «Крэпасць», а камандзірам выбралі васьмікласніка Вячаслава Піліпчыка. Рабяты высаджваюць расаду кветак, робяць клумбы, чысцяць бегавыя дарожкі, зграбаюць скошаную траву, а таксама рамантуюць кнігі ў школь-
най бібліятэцы. На працягу 18 дзён школьнікі вучацца быць
гаспадарамі, набываюць новы працоўны вопыт. У праг-
раме адпачынку – конкурсы, сустрэчы, майстар-класы, квэст-гульні… Добрых работнікаў стараюцца смачна накарміць – тры разы на дзень – мясцовыя повары.
Школьніцы Ульяна Вайшэвіч і Анастасія Маргун у адзін голас гавораць, што ў лагеры крута. Ім аднолькава цікава і працаваць разам з сябрамі, і ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах. Канешне, з нецярпеннем чакаюць дзяўчынкі і дня заработнай платы. Гэты даход, дарэчы, не абкладаецца падаходным падаткам.
Па нормах, працаваць у лагеры працы і адпачынку дзеці да 16 гадоў могуць да чатырох гадзін у дзень, старэйшыя за 16 – па сем гадзін. Абавязковы пункт – інструктаж па ахове працы.
Як стаць удзельнікам лагера працы і адпачынку? Дзе з кожным навучэнцам заключаецца працоўны дагавор? Трэба ведаць, што залічваюць сюды школьнікаў, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Калі бацькі разам з сынам ці дачкой прынялі рашэнне аб такой форме занятасці ў летні перыяд, неабходна звярнуцца з заявай ва ўстанову адукацыі, якая арганізуе такі лагер, і аформіць неабходныя дакументы. Сярод іх і меддаведка аб стане здароўя, адзначае метадыст РВМК Наталля Васілеўская.
У Начаўскай СШ з 13 па 29 чэрвеня прыняты ў штат новыя падсобныя рабочыя – дзесяцікласнікі. Навучэнка Вікторыя Анціпарук на другаснай занятасці другі сезон:
– Мой дэвіз – правесці лета з карысцю. Падабаецца дапамагаць роднай школе, рабіць чыстым двор і класы. А яшчэ з аднакласнікамі мы мацней здружыліся.
З 7 чэрвеня навучэнцы 8-9-х класаў у Дараўскім ВПК
займаюцца добраўпарадкаваннем і азеляненнем школьнай тэрыторыі па праграме другаснай занятасці. Намеснік дырэктара Святлана Бірукова пералічвае работу, якую выконваюць рабяты: чысцяць бегавую дарожку, валейбольную і спартыўную пляцоўкі ад расліннасці, падмятаюць дваровыя дарожкі і асфальтаваныя ўчасткі, праполваюць агарод, рамантуюць школьную мэблю, паліваюць кветнікі і г. д. Педагогі працай школьнікаў задаволены.
А рабяты з Жарабковіцкай СШ аб’яднаны ў студэнцкі сельскагаспадарчы атрад «Рытм», якому прысвоена імя Сяргея Грыцаўца. З 9 раніцы да абеда яны заняты відавой праполкай на палях ААТ «Жарабковічы». Намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Алена Навалочка ўвяла ў курс справы:
– Калі сярод пшаніцы вырасла жыта, ці, наадварот, рабяты выдаляюць лішнія каласкі. Студатрадаўцы свае, мясцовыя, таму ведаюць, як правільна трэба рухацца па полі, каб не памяць расліны. Працуюць добрасумленна і зацікаўлена. Як кажуць, рыхтуем сабе работнікаў загадзя. З пачатку ліпеня запрацуе яшчэ адзін атрад, які зоймецца стрыжкай авечак.
У ліпені і жніўні плануецца дзейнасць трох сельскагаспадарчых і двух педатрадаў. Магчыма, будуць і іншыя, расказалі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. А з 11 ліпеня адчыніць дзверы для рабят лагер працы і адпачынку ў СШ № 1.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Крывошынская СШ імя Г.С. Здановіча

Начаўская СШ

Ліпская СШ