Падарожжа па маршруце памяці. Сярод дзвюх сотняў пасажыраў «Цягніка Памяці» – дзесяцікласнікаў з Беларусі і Расіі – і навучэнка СШ № 1 ляхавічанка Вікторыя Навіцкая

Сёння, 22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа з Брэста ў міжнародны маршрут адправіўся «Цягнік Памяці». Сярод дзвюх сотняў яго пасажыраў – дзесяцікласнікаў з Беларусі і Расіі – і навучэнка СШ № 1 ляхавічанка Вікторыя Навіцкая. Фінішуе цягнік у сталіцы нашай рэспублікі Мінску 3 ліпеня.


Напярэдадні паездкі «ЛВ» пацікавіўся ў старшакласніцы настроем, з якім яна адпраўляецца ў падарожжа.
– Ужо сёння разумею ўнікальнасць і важкасць падзеі, у якой прыму ўдзел разам з іншымі равеснікамі. За два тыдні мы наведаем 15 гарадоў Саюзнай дзяржавы, сустрэнемся з ветэранамі, пабываем у музеях і на экскурсіях. Прыпынкі будуць у месцах воінскай славы, гераізму савецкіх людзей. Святое месца для кожнага беларуса – наша Брэсцкая крэпасць. Кожны раз, калі бываю ў мемарыяльным
комплексе, адчуваю адначасова горыч за пакалечаныя лёсы нашых прадзедаў і прабабуль, гонар і ўдзячнасць за тое, што сёння мы жывём у мірнай незалежнай краіне. Мы ўбачылі  рэканструкцыю бою 22 чэрвеня 1941 года, дзе мужна вялі бой абаронцы Брэсцкай крэпасці, – дзеліцца Вікторыя Навіцкая.
Нашай зямлячцы тэлефануюць сябры і знаёмыя, жадаюць шчаслівага падарожжа і яркіх эмоцый. Яна адзначае, што на памяць ад удзелу ў расійска-беларускім праекце ў яе застануцца не толькі яркія эмоцыі, шмат уражанняў, новыя кантакты, а таксама безліч фотаздымкаў. Многія з іх змогуць убачыць і чытачы «ЛВ» на сайце і ў сацыяльных сетках, мэсэнджарах газеты.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.