Ваш выхад, профі ў белых халатах. Шчырыя віншаванні і цёплыя пажаданні гучалі напярэдадні прафесійнага свята ў адрас медыкаў

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Гэта прафесія ва ўсе часы лічылася адной з самых паважаных, запатрабаваных і адказных. Да людзей у белых халатах – урачоў, медсясцёр, фельчараў, малодшага медыцынскага персаналу –
заўжды былі асаблівыя адносіны. Штодзённы клопат пра здароўе насельніцтва, вяртанне хворых да паўнацэннага жыцця, папярэджанне хвароб, барацьба з новымі захворваннямі – яны, медыкі, заўжды ў авангардзе, на перадавой, дзе змагаюцца за здароўе і жыццё людзей. Медыкі прынялі першымі ўдар пандэміі каранавіруса, змаглі супрацьстаяць новаму выкліку і перамагчы дагэтуль невядомую хваробу.

Нагода павіншаваць мед-работнікаў ёсць у кожнага з нас. Самыя першыя рукі ў жыцці чалавека – рукі акушэркі, якая прымае роды. Потым мы знаёмімся з участковымі педыятрамі, тэрапеў-
тамі, яны суправаджаюць нас усё жыццё, даводзіцца бываць і ў вузкіх спецыялістаў.
Напярэдадні прафесійнага свята – Дня медыцынскіх работнікаў, які ў нашай краіне традыцыйна адзначаецца ў трэцюю нядзелю чэрвеня, – прыемная навіна парадавала айчынных медыкаў: міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч анансаваў павышэнне заработнай платы работнікам медустаноў рэспублікі.
Гонар і пашана медыкам Ляхавіччыны – работнікам цэнтральнай раённай бальніцы, абласной псіхіятрычнай бальніцы «Крывошын», раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, ветэранам раённай медыцыны і сённяшнім прадстаўнікам самай гуманнай прафесіі.
У мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры было шчыра, святочна, урачыста. Галоўныя дзеючыя асобы – работнікі Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Як жа прыемна было бачыць іх прыгожыя твары і ветлівыя ўсмешкі без медыцынскіх масак. Гэта першае святкаванне за апошнія тры гады без абдымкаў каранавіруснай пандэміі.
Да чаго ж пасуюць агульнаму святочнаму настрою шыкоўныя кветкавыя кампазіцыі, з густам выстаўленыя ў фае ГДК. Аўта-
ры – яны ж галоўныя героі святкавання – прадставілі як асабістыя работы, так і калектыўныя.
Сардэчна вітаў прадстаўнікоў адной з самых мірных прафесій старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч. Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна ўручыў лепшым з лепшых Граматы і Падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета дэпутатаў.
Не шкадаваў шчырых слоў падзякі і цёплых віншаванняў калегам – тым, хто сёння на варце здароўя землякоў, і ветэранам медыцыны, моладзі – галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч. Ён уручыў Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама ўрачу-анколагу Уладзіславу Цалевічу, памочніку ўрача Тухавіцкай урачэбнай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Таццяне Русакевіч, медсястры працэдурнага кабінета паліклінікі Алене Сокал, урачу-тэрапеўту аддзялення дзённага знаходжання Кацярыне Куляшовай, урачу-рэаніматолагу Валерыю Саланенку. Вялікая плеяда медыкаў атрымала граматы Ляхавіцкай ЦРБ.
Старшыня прафсаюзнай арганізацыі райбальніцы Сяргей Памазанскі павіншаваў калег з надыходзячым прафесійным святам, падзякаваў за прафесіяналізм кожнаму на сваім пасту, за актыўнасць у грамадскай рабоце і ўручыў Ганаровую грамату абкама галіновага прафсаюза казначэю Валянціне Лабейка.
Падведзены вынікі на лепшае добраўпарадкаванне і эстэтычнае афармленне медустаноў раёна. У сваіх намінацыях самымі стыльнымі, уладкаванымі і чыстымі прызнаны тэрыторыі паліклінікі, Ліпскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, Востраўскага ФАПа. А самыя шыкоўныя кветкавыя кампазіцыі зроблены залатымі рукамі работнікаў Начаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.
Падзяка «ЛВ» за цеснае супрацоўніцтва з раённай газетай
адрасавана галоўнаму ўрачу Ляхавіцкай ЦРБ Георгію Хлябовічу і галоўнай медсястры райбальніцы Але Туркіной.
На свяце было нямала іншых цікавых і запамінальных момантаў. Сярод іх ушанаванне маладых спецыялістаў, якія прыйшлі ў медыцыну Ляхавіччыны ў мінулым жніўні, прагляд гумарыстычнага відэароліка пра медыцынскія будні, разнапланавыя канцэртныя нумары ў выкананні самадзейных артыстаў ГДК.
Дзякуй, шаноўныя медработнікі за ваш клопат, прафесіяналізм, за выратаваныя жыцці, за тое, што дорыце людзям надзею
і выздараўленне. Будзьце здаровыя!

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Сярод лепшых медыкаў краіны, якіх на мінулым тыдні ўшаноўвалі ў Палацы Незалежнасці ў Мінску, і галоўны дзяржаўны санітарны  ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў.
Ён узнагароджаны Ганаровай  граматай Нацыяналь-нага сходу Рэспублікі Беларусь.
Віншуем!