Падкарміць, каб быць з кармамі, прапалоць, каб не застацца без ураджаю

Галоўная сельскагаспадарчая эпапея пачатку лета – уборка траў першым укосам – падышла да свайго завяршэння. Скошана ўсё запланаванае, гаспадаркі раёна завяршаюць даўборку і дазакладку сянажнай масы на кансервацыю.

На раніцу панядзелка, з 9 тысяч гектараў шматгадовых траў, заяўленых раёнам пад першую ўборку, скошана было амаль 8,9. Прычым большасць гаспадарак уласныя касавічныя планы некалькі нават перакрыла.
Што накасілі-нарыхтавалі, наза-пасілі на зіму? Мяркуючы па лічбах аператыўнай статыстыкі, першатравяністы набытак раёна атрымаўся добры. Як мінімум, ні адна з сельгасарганізацый не спрацавала горш за сябе мінулагоднюю. На сёння грамадская жывёлагадоўля раёна мае ў запасе ўжо больш за 12 тысяч тон кармавых адзінак травяністых кармоў, што амаль на 20 працэнтаў перавышае аналагічныя мінулагоднія назапашванні. Прычым лічба сярэднераённая, а ёсць, напрыклад, СВК «Ляхавіцкі», дзе дасягнулі больш як 30-працэнтнага росту. Пераразлік у цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы таксама выглядае параўнальна выгадна – 5,6 умоўных адзінак зараз супраць 3,7 на тую ж дату ў сезоне 2021.
Старт сезона корманарыхтовак, як можна меркаваць, атрымаўся нядрэнным. А з мэтай таго, каб не менш выніковым быў і працяг,
гаспадаркі раёна ўзяліся за падкормку ўжо аднойчы скошаных і ўбраных травяных угоддзяў. Каб разлічваць на неблагі другі ўкос, травам неабходна надаць энергію росту –  тэрмінова і дастатковай колькасці ўнесці мінеральныя ўдабрэнні. І асобныя з нашых сельгаспрадпрыемстваў у гэту справу ўключыліся досыць актыўна. Паказваюць тэмп і вынік, адзначае галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ігар Яварчук. А «жывым» дапаўненнем да заўвагі спецыяліста могуць служыць прыклады СВК «Ляхавіцкі», дзе пад другую касьбу падкормлена ўжо больш як дзве трэція часткі яшчэ нядаўна першаўкосных угоддзяў.
У «Жарабковічах» такая работа праведзена на прыкладна шасці сотнях гектараў пасляўкосных палеткаў. Работы выконваюцца і ў «Шляху новым», у «Начы», іншых гаспадарках раёна.
Без сапраўднага цяпла на стартавых этапах росту, як было сёлета, цеплалюбівым культурам найбольш некамфортна. І падкормка кукурузы, як дадатак да асноўнага ўнясення мінеральных удабрэнняў, з’яўлялася ці працягвае заставацца адным з агратэхналагічных падрадаў гэтай чэрвеньскай пары. З той або іншай ступенню выніковасці ў гэтым зараз зацікаўлены фактычна ўсе сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна.
У асобных з іх кожны кукурузны гектар ужо атрымаў да сотні кілагра-маў дзеючага рэчыва мінудабрэння.
У іншых – 80, у некаторых – ад 20 да 45 кілаграмаў на адзінку плошчы.
Ну і па-ранейшаму актуальнай працягвае зараз заставацца хімічная праполка сельскагаспадарчых культур. Час зерневых мінуў, хімпраполка актуальна ў дачыненні познепасяўных грэчкі, якой у раёне менш за сотню гектараў, той жа кукурузы, якой ледзь ці не дзевяць тысяч, і цукровых буракоў. Іх у «Жарабковічах», «Шляху
новым», «Ліпнянцы» і фермерскіх гаспадарках Ляхавіччыны мала што сумарна не дацягвае да паўтары тысячы гектараў.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.