Пішыце пісьмы ў Ляхавічы

Імкліва развіваюцца сродкі камунікацыі, але рукапіснае пісьмо не страчвае сваёй значнасці.

Статыстыка пісьмовых адпраўленняў толькі пацвярджае значнасць пісьма — павышаецца працэнт дзелавой перапіскі, павялічваецца аб’ём заказной і асабістай карэспандэнцыі. Такая тэндэнцыя ўносіць свае карэктывы ў работу РУП «Белпошта» — прадпрыемства мае намер укараніць новыя аўтаматызаваныя тэхналогіі сартавання пошты. Выкарыстанне сартавальнай машыны дазволіць спрасціць і паскорыць апрацоўку і праходжанне пісьмовай карэспандэнцыі. У сувязі з гэтым нагадаем пра важнасць правільнага афармлення паштовага адпраўлення.
Алгарытм работы сартавальнай машыны закладзены такім чынам, што спачатку счытваецца паштовы код (індэкс), затым ён параўноўваецца з адрасам. Пры выяўленні неадпаведнасцяў у адрасе пісьмы аўтаматычна накіроўваюцца на ручное сартаванне. Гэта значыць, што правільнае напісанне індэкса і адраса значна паскарае тэрміны апрацоўкі і дастаўкі карэспандэнцыі.
Існуюць правілы афармлення паштовых адпраўленняў. Па-першае, запоўніце даныя адпраўшчыка пісьма, якія ўказваюцца ў верхнім левым кутку канверта (вашы адрасныя даныя), адрас атрымальніка — у правай ніжняй частцы. На ўнутраных паштовых адпраўленнях адрас павінен быць напісаны на беларускай або рускай мовах, быць дакладным і поўным. Пры адрасаванні паштовых адпраўленняў у гарады паштовы код указваецца перад назвай горада.
Паштовы індэкс з’яўляецца неад’емнай часткай адрасных даных. Калі вы не ведаеце або не ўпэўнены ў правільнасці індэкса месца назначэння, удакладніце яго ў аддзяленні паштовай сувязі або на сайце РУП «Белпошта» www.belpost.by. Звярніце ўвагу, што на пісьмах і паштовых картках з кодавым штампам індэкс запаўняецца стылізаванымі лічбамі чарніламі чорнага або сіняга колеру. Ні ў якім разе не скарачайце назву ў адрасе. Тое, што можа быць зразумелым вам, не абавязкова будзе зразумела іншым.
На міжнародных паштовых адпраўленнях адрас атрымальніка павінен быць напісаны на мове краіны назначэння або на адной з міжнародных моваў — французскай або англійскай. Назва населенага пункта і краіны назначэння пішуцца прапіснымі літарамі. Назву краіны назначэння неабходна абавязкова дубліраваць на беларускай або рускай мовах, напрыклад FRANCE (ФРАНЦЫЯ). Адрас адпраўшчыка можа быць напісаны на беларускай або рускай мовах. У гэтым выпадку неабходна дубліраваць назву краіны адпраўшчыка лацінскімі літарамі, напрыклад, БЕЛАРУСЬ (BELARUS).
На хуткасць дастаўкі карэспандэнцыі можа паўплываць любая неразборліва напісаная лічба або літара. А правільна напісаныя адрасы і паштовыя індэксы дазволяць значна паскорыць працэс сартавання, і, зразумела, што аўтаматычная машына зробіць гэта намнога хутчэй чалавека — аператара сартавальнага цэнтра.
Пішыце пісьмы родным і блізкім, сябрам і знаёмым у межах рэспублікі і па ўсім свеце. Толькі правільна ўказвайце адрас — і адказ не прымусіць вас доўга чакаць!
Таццяна ДАРАШЭНКА,
намеснік начальніка РВПС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *