Прафесіяналы працуюць на свінагадоўчым комплексе “Шчэрбава” ЗАТ “Белпрампрыбор”

У калектыве работнікаў свінагадоўчага комплексу “Шчэрбава” ЗАТ “Белпрампрыбор” ганарацца сваімі калегамі – пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі па выніках мінулага года. Імі прызнаны аператар па вырошчванні парасят Людміла Харужык і аператар па адкорме свіней Сяргей Забароўскі.
Ва ўсякай справе, каб дабіцца поспеху, патрэбны старанне, адказнасць, прафесійныя навыкі і вопыт. Гэтыя жывёлаводы, здаецца, валодаюць усімі вытворчымі прыёмамі, якія дазваляюць дабівацца найлепшых вынікаў. Напрыклад, Людміла Уладзіміраўна забяспечвае амаль 100-працэнтную захаванасць нованароджаных парасят, растуць яны не па днях, а па гадзінах – сярэднясутачныя прывагі складаюць 433 грамы, а валавая прывага летась дасягнула 44,7 тоны. Гэта пры тым, што жанчына даглядала 515 парасят.
Сяргей Забароўскі прымае жывёлу вагой 30-35 кілаграмаў на вырошчванне, адкорм і пасля даглядае яе да самай здачы. Дабіўся летась 122,4 тоны валавой прывагі, кожнае парася за суткі прыбывала ў вазе на 747 грамаў. Такіх вытворчых паказчыкаў могуць дасягнуць толькі сапраўдныя майстры сваёй справы.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *