Жнівень- шлюбны месяц у Ляхавічах

Здаўна лічыцца, што восень – самы ўдалы час для вяселляў. Нашы продкі лічылі: трэба сабраць вырашчаны ўраджай, а потым з поўнымі засекамі і цвёрдай упэўненасцю, што год будзе не галодным, і вяселлі гуляць. Гэта традыцыя захавалася, што пацвярджае статыстыка. Аднак, сёлетні жнівень унёс некаторыя карэктывы. Як расказалі ў аддзеле загса райвыканкама, у апошні летні месяц 34 пары ўзялі шлюб. Для параўнання: у жніўні мінулага года звязаць сябе вузамі Гіменея пажадалі 26 закаханых пар.
Сярод жнівеньскіх маладажонаў – адна замежная нявеста, грамадзянка Ізраіля (усяго з пачатку года 8 замежных грамадзян з Расіі, Украіны, Ізраіля) распісваліся ў Ляхавіцкім загсе. Дзяўчына пажадала, каб гэты важны для яе і будучага мужа дзень прайшоў не толькі ўрачыста, але і па беларускіх традыцыях з захаваннем беларускай народнай абраднасці.
Дарэчы, самы сталы мужчына браў шлюб у 71 год, а жанчына – у 55. Сярэдні ўзрост нявест – 25 гадоў, жаніхоў – 28.
Яшчэ адна шчаслівая нагода наведаць загс – атрымаць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці. Сёлета за 8 месяцаў насельніцтва раёна прырасло 158 нованароджанымі. У 32 мам гэта трэцяе дзіця, у 9 – чацвёртае. А ў адной сям’і ляхавічан нарадзілася пятае!
Самае папулярнае імя нованароджаных дзяўчынак Дар’я. Сустракаюцца і Сабіна, Саміра, Соф’я, Васіліса, Дарына, Вераніка. Найбольш запатрабаванае сёлета хлапчуковае імя – Арцём (так назвалі 8 немаўлят). Разам са звыклымі зарэгістраваны і даволі рэдкія імёны – Даніэль, Дамір, Матфей, Феадосій, Платон, Сафрон.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *