Камунальная — універсальная. Менавіта такой павінна быць арганізацыя ЖКГ

1

За добраўпарадкаванне нашага горада, чысціню ў пад’ездах і дварах, на вуліцах, камфортную тэмпературу ў кватэрах і якасць водазабеспячэння, сантэхнічныя і іншыя запатрабаваныя паслугі ў адказе камунальнікі. Аднак поле іх дзейнасці яшчэ больш шырокае. Што і пацвердзіў гэты год, калі Ляхавіцкі раён рыхтаваўся прыняць абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2013”. Менавіта камунгас быў заказчыкам капітальнага рамонту шматпавярховікаў, адказваў за парадак на вуліцах і рабіў шмат чаго іншага. Як усё гэта было, дзякуючы каму атрымалася, – у размове з дырэктарам КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандрам МЯДЗВЕЦКІМ:

Аляксандр Яўгеньевіч, наколькі складанай для арганізацыі была падрыхтоўка да абласных “Дажынак”?

– Канешне, задача перад камунальнікамі стаяла адказная і няпростая. Трэба было арганізаваць работу такім чынам, каб своечасова, строга па тэхналогіях, не выходзячы за межы фінансавання і разам з тым якасна выканаць усё запланаванае. Ляхавіцкая ЖКГ была заказчыкам капітальнага рамонту жыллёвага фонду: спачатку 14 дамоў, потым дабавіліся яшчэ 3 шматпавярховікі. Плюс да ўсяго работы па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, тратуараў, афармленне вуліц і паркаў. Дарэчы, без фінансавання з абласнога бюджэту столькі аб’ектаў капітальнага рамонту ні адзін раённы бюджэт не вытрымаў бы. Выкананы значны аб’ем работ. Наш горад стаў больш прыгожым, сучасным, стыльным. Хачу выказаць словы ўдзячнасці ляхавічанам, якія з разуменнем ставіліся да нязручнасцяў, звязаных з правядзеннем рамонтных работ. У рэшце рэшт, вырашаны даўнія праблемы па капітальным рамонце дамоў № 3 па вуліцы Савецкай і №5 па Чкалава. Першы “дажыначны” дом – двухпавярховік № 26 па вуліцы Леніна. Менавіта на гэтым аб’екце камунгас быў не толькі заказчыкам, але і падрадчыкам. Усе работы выкананы дакладна ў тэрмін, нараканняў з боку жыхараў на якасць не было. Тут сваю станоўчую ролю адыграў і дух саперніцтва: хацелася на роўных паспаборнічаць з будаўнікамі-прафесіяналамі. Што датычыць дарожнага камфорту, то памятаеце ранейшыя светлафоры? Старыя заменены на новыя, аснашчаныя гукавым сігналам, адваротным адлікам часу, – усё для бяспекі і пешых удзельнікаў дарожнага руху, і вадзіцеляў.

2

– Ляхавічане прывыклі, што камунальнікі штогод радуюць новымі сюжэтамі добраўпарадакавання. Арыгінальныя клумбы, альпійскія горкі, ліхтары-ландышы… Сёлета прыгажосці ў горадзе стала яшчэ больш. У тым ліку, дзякуючы работнікам зялёнага будаўніцтва з усёй Брэстчыны.

– Дзякуючы традыцыйнаму конкурсу азеляняльнікаў, які праходзіць штогод у сталіцы абласных “Дажынак”, сёлета ў нашым райцэнтры з’явілася больш за 20 арыгінальных кветкавых кампазіцый. Канешне, прыбавілася работы і ў нашых азеляняльнікаў – трэба захаваць гэту прыгажосць надаўжэй. Але без разумення і дапамогі гараджан не абысціся. Хачу звярнуцца да землякоў з просьбай: не псаваць і не разбураць зробленае і не даваць гэта рабіць іншым. Упэўнены, што школьнікі, якія працавалі на добраўпарадкаванні горада, ды і ўсе іншыя, хто гэтым займаўся, не будуць смеціць, ламаць, разбураць. Яны ведаюць цану зробленага ўласнымі рукамі. Дарэчы, плануем і ў наступным годзе падчас летніх канікулаў забяспечыць часовую працоўную занятасць каля 20 старшакласнікаў (сёлета працавалі 10 хлопчыкаў і дзяўчынак).

– Напэўна, адным з самых адметных гарадскіх аб’ектаў стала мясцовая гасцініца. Літаральна за месяц яна змянілася да непазнавальнасці.

– Капітальны рамонт гасцініцы доўжыўся менш за месяц. Здаецца, можна было б і не спяшацца. Але з мая па ліпень уключна гасцініца “зарабіла” звыш 260 мільёнаў рублёў. І калі б яе закрылі на рамонт у той час, то ў камунгаса было б менш прыбытку на гэтую суму. Што змянілася ў адноўленай гасцініцы? Многае. Заменены дах, вокны, фасад, устаноўлена новая сучасная ўваходная група. У аснове – зручнасць і эстэтыка. Памяняўся інтэр’ер, зроблена перапланіроўка і ў нумарах. Нашым кліентам усё гэта прыйшлося даспадобы. Паступова будуць стварацца ў асноўным адна- і двухмесныя нумары. Менавіта яны карыстаюцца найбольшым попытам. У нашай гасцініцы адной з першых у вобласці з’явіліся інтэрактыўнае тэлебачанне Zala , магчымасць безнаяўнага разліку. Ды і гарачая вада на працягу ўсяго года – справа далёка не апошняя. Зараз добраўпарадкуем нумар для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Тут будуць створаны самыя камфортныя ўмовы для інвалідаў. На ўваходзе ўстаноўлены пандус. Сёння знешні выгляд гасцініцы адпавядае яе ўнутранай аздобленасці. Калі гаварыць пра фінансавы складальнік, то камунгас на рамонт гасцініцы атрымаў ільготны крэдыт на 2 мільярды рублёў пад 4 працэнты гадавых. Плануецца, што не менш прывабны выгляд хутка будзе і ў адміністрацыйнага будынка камунгаса.

3

– “Дажынкі” – важная і асноўная частка сёлетніх клопатаў Ляхавіцкай ЖКГ. Але і падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона ніхто не адмаўляў. Як справы ў гэтым накірунку?

– Калі коратка, то ўсё як звычайна: рамонт ацяпляльных катлоў, замена ўчасткаў цепласетак і, канешне, стварэнне неабходнага запасу мясцовых відаў паліва. Усе 25 кацельняў, якія знаходзяцца на нашым балансе, поўнасцю спраўныя і гатовы да эксплуатацыі. Абслуговы персанал прайшоў неабходную прафесійную падрыхтоўку. Згодна задання, на 1 кастрычніка мы павінны нарыхтаваць 5000 кубаметраў дроў, па стане на 15 верасня – у наяўнасці 5194 кубаметры), брыкету 1000 тон (у наяўнасці – 1535 тон). Да ацяпляльнага сезона рыхтуемся ў штатным рэжыме, надзвычайных сітуацый не было. Што датычыцца адсутнасці гарачай вады пэўны перыяд летам, то гэтага патрабуюць правілы эксплуатацыі тэхналагічнага абсталявання. Сёлета найбольшыя нязручнасці былі ў жыльцоў дамоў №№ 21 і 23 па вуліцы Чкалава і інтэрната № 4 ЛДАКа (там ішоў капітальны рамонт участка цепласетак). Астатнім гараджанам, якія карыстаюцца цэнтралізаваным водазабеспячэннем, гарачую ваду пачалі падаваць у кватэры нават раней абяцанага.

4

– Пра што цяпер у прафесійным плане задумваецца кіраўнік камунальнай службы раёна?

– Напэўна, кепскі той кіраўнік, які не жадае ўдасканальвацца прафесійна сам і патрабаваць гэтага ад сваіх падначаленых. У Ляхавіцкай ЖКГ нямала высокакласных спецыялістаў. Хачу ў бліжэйшай перспектыве, каб у камунгасе з’явіліся ўніверсалы. Гадоў 10 назад, здарыцца якая-небудзь непаладка, напрыклад, прарве трубу, прыходзяць некалькі чалавек, агледзяць усе, параяць выклікаць вузкіх спецыялістаў, закупіць неабходнае для замены абсталяванне і пакінуць чалавека сам-насам з праблемай. А трэба, каб прыйшоў адзін шырокапрофільны майстар, які адрамантуе сапсаваны кран, уставіць дзвярны замок, павесіць лямпачку, праверыць сантэхніку і інш. Будзем спрабаваць вырашыць гэта пытанне. Збіраемся мэтанакіравана праводзіць і прафарыентацыйную работу сярод вучняў школ раёна ці заказваць спецыялістаў у сярэдніх спецыяльных навучальных установах.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

5

У вячэрніх Ляхавічах светла, як днём. Пра гэта клапоцяцца майстар энергетычнага ўчастка ЖКГ Аляксандр Кульчык і электраманцёр Мікалай Дзенісенка (фота №1).
Гарадскія клумбы і альпійскія горкі, зялёныя газоны і парадак у парках і скверах – справа працавітых рук работнікаў участка “Добраўпарадкаванне”, у тым ліку Юліі Ібрагімавай і Марыны Зубік (фота №2).
Хол абноўленай гасцініцы “Эдэльвейс” – сучасны, стыльны, утульны. Такі ж эстэтычны выгляд мае гасцініца звонку. Разам з калегамі-будаўнікамі прафесійна выконваюць рамонтна-рэканструкцыйныя работы на гэтым аб’екце муляр Валерый Юруць, тынкоўшчык Дзмітрый Юруць і страхар Мікалай Сельмановіч (фота №№3-5).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *