Хлеб майстра любіць. Ляхавіцкі кааппрам выпускае смачную хлебабулачную прадукцыю

«Апетытная», «Незабудка», «Любімая» – такія апетытныя назвы, а смак! Калі вы не каштавалі хлебабулачную прадукцыю, якую выпускае Ляхавіцкі кааппрам, то шмат страцілі. Смачны хлеб, батоны, булкі прыйдуцца па смаку вельмі многім! Да выпуску такой разнастайнасці мае непасрэднае дачыненне майстар-пекар Ляхавіцкага кааппрама Алена Шэмет (на здымку).

Вось ужо 18 гадоў яна працуе ў гэтым  падраздзяленні Ляхавіцкага райпо. У лістаgflpt 2004 года жанчына ўладкавалася цеставодам у кааппрам.
– Столькі ўсяго асвоіла: як мясіць цеста, як фармаваць яго, калі ставіць у печ і колькі там трымаць. Асабліва доўга не атрымлівалася скатаць па ўсіх параметрах халу, але ўсё ж і з гэтай задачай справілася. Цяпер кожны від работы мне ў радасць, люблю ўсім займацца, мне падабаецца мая работа, стараюся выконваць яе якасна, – гаворыць Алена Шэмет.
Цяпер Алена Фёдараўна ў адказе не толькі за сябе, але і за ўсіх рабочых змены, дзе яна майстар, а па сумяшчальніцтве і пекар. Прычым гэта змена начная: пачынаецца з 20 гадзін вечара і доўжыцца да 8 гадзін раніцы.
– Спачатку было цяжка працаваць па начах, але потым прывыкла, тым больш, калектыў у нас атрымаўся зладжаным, больш вопытныя дапамагаюць маладым, – адзначае майстар-пекар.
– Алена Шэмет выдатна спраўляецца з абавязкамі майстра змены, акрамя таго, яна і выдатны пекар. Абавязковая, дысцыплінаваая, карыстаецца павагай у калектыве.
Каманда ў іх невялікая – усяго сем чалавек. Але яны малайцы, спраўляюцца. І пастаянна працуюць над паляпшэннем якасці прадук-
цыі, – адзначае начальнік вытворчасці філіяла «Кааппрам» райпо Наталля Валчок.
Прадукцыя Ляхавіцкага кааппрама – адна з самых папулярных, што выпускаецца райпо. Прычым любяць яе не толькі жыхары нашага раёна.
– Каля 30 відаў хлебабулачных вырабаў выпускаем у начную змену, каб свежымі, цёплымі даставіць у гандлёвыя аб’екты. Акрамя таго, штодзённа выпякаем да 25 відаў кандытаркі. Толькі, напрыклад, любімых многімі круасанаў штодзённа адпраўляем на продаж больш за 250 штук. Усё – справа рук 25 чалавек. Прадукцыя рэалізуецца як па аб’ектах Ляхавіцкага райпо, так і Баранавіцкага, акрамя таго, пастаўляем і ў прыватныя структуры Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў. Сёлета з 1 красавіка поўнасцю абнавілі асартымент выпускаемай прадукцыі, прычым рэцэптура ўсіх відаў распрацавана спецыялістамі нашага філіяла, – расказвае Наталля Валчок.
Кааппрам – адно з падраздзяленняў Ляхавіцкага раённага спажывецкага таварыства. А яшчэ гандаль стацыянарны і на колах, нарыхтоўка, перапрацоўка, выпуск прадукцыі, арганізацыя грамадскага харчавання – асноўныя напрамкі дзейнасці падраздзяленняў раённай спажывецкай кааперацыі. Толькі іх паспяховае выкананне, па словах намесніка старшыні праўлення райпо Уладзіміра Шырэя, дазваляе выстаяць у нялёгкай канкурэнтнай барацьбе.
Сёння работнікі райпо адзначаюць сваё прафесійнае свята – Дзень кааперацыі. Зрабіўшы пакупку, павіншуйце прадаўца са святам!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Шаноўныя работнікі Ляхавіцкага райпо і ўсіх яго падраздзяленняў, паважаныя ветэраны спажыўкааперацыі, прыміце шчырыя віншаванні з нагоды прафесійнага свята – Дня кааперацыі!
Выказваем вам  падзяку за добрасумленную самаадданую працу,  за вернасць прафесіі.
Вы адказна шчыруеце ў нарыхтоўцы і гандлі, на аб’ектах грамадскага харчавання і на вытворчасці прадукцыі.
Жадаем усім, чый лёс звязаны са спажыўкааперацыяй, моцнага здароўя, выдатнага настрою, бадзёрасці, аптымізму.
Няхай натхненне спадарожнічае вам у рабоце, а ўдача
прывядзе да поспехаў і стабільнасці ў жыцці.

Праўленне
і прафкам Ляхавіцкага райпо.