Вытворчыя падарункі ад завадчан. Ляхавіцкі кансервавы завод радуе землякоў

Ці люблю я Ляхавічы? Адказ відавочны і адназначны:
не проста люблю, ганаруся і Ляхавіччынай, і яе жыхарамі.
Шчыра ўдзячны лёсу, што гэтыя прыгожыя, утульныя і гасцінныя мясціны сталі маёй другой малой радзімай.
Сам я родам з Пружаншчыны, але вось ужо 12 гадоў жыву і працую ў Ляхавіцкім раёне, тут мой дом, мая сям’я.

Мне шчасціць на калектывы, у якіх давялося працаваць у Ляхавіцкім раёне. Добрасумленныя, працавітыя, адказныя – такія сельгасвытворцы шчыруюць у ААТ «Шлях новы», які я ўзначальваў. З 2019 года з’яўляюся дырэктарам аднаго са старажылаў Ляхавіччыны вытворчай – ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» (прадпрыемства пачало дзейнічаць у 1949 годзе).
Завод паспяховы, дзе працуюць кадры ўзаемазамяняльныя, гатовыя
справіцца з кожнай пастаўленай задачай, не стамляюцца прыдумваць новыя віды прадукцыі, прымаем любыя выклікі часу. Перашкодай для паспяховага збыту не сталі і розныя санкцыі. Калі ў першы год сваёй работы 72 гады назад тут было выпрацавана 49 тысяч умоўных слоікаў кансерваў, цяпер у сярэднім за год – 20 мільёнаў умоўных слоікаў.
Час паказвае, што завадчане выбралі правільную стратэгію – выпуск якаснай канкурэнтаздольнай прадукцыі па дакладна распрацаваных і іншы раз эксклюзіўных рэцэптах. У аснове плодаагароднінных кансерваў – натуральная сыравіна, істотную частку якой – прыкладна 75 працэнтаў (шчаўе, кабачкі, зяленіва, морква, цыбуля, чырвоныя буракі, бульба) – вырошчваем на палях сваёй падсобнай гаспадаркі.
Сёння з канвеера прадпрыемства сыходзіць больш за сотню найменняў агароднінных, фруктовых і таматных кансерваў. Тавар прадаецца не толькі па Беларусі, але ідзе і на экспарт. Наша асноўная фішка – гарантаваная якасць, адметны смак, прымальны кошт. Немалаважную ролю мае і афармленне, упакоўка. Пастаянна распрацоўваем новыя этыкеткі, для фасоўкі выкарыстоўваем ёмістасці ад 0,28 да трох літраў у залежнасці ад віду кансерваванай прадукцыі. Асаблівая ўвага – на інавацыйную прадукцыю, якую завод выпускае з 2019 года.
Стараемся радаваць, у тым ліку і землякоў, не толькі смачнай прадукцыяй, але і перамогамі на самых высокіх спажывецкіх конкурсах. Гэта своеасаблівыя падарункі ад завадчан Ляхавіччыне. Толькі за мінулыя два гады прадпрыемства перамагло ў рэспубліканскіх конкурсах «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь», «Прадукт года», было сярод прызёраў конкурсу «Народная марка» ў намінацыі «вытворца агароднінных кансерваў». У нашай, а значыць і вашай, шаноўныя землякі, скарбонцы – залаты медаль 26-й міжнароднай спецыялізаванай выставы-кірмашу «Прадэкспа-2020», атрыманы за соус таматны з хрэнам.
Ал галоўная ўзнагарода – падзяка ад пакупнікоў і спажыўцоў нашай прадукцыі і тое, што заводскі тавар раскупляецца.
Для завадчан справа гонару працаваць на карысць Ляхавіччыны і па магчымасці дапамагаць у яе добраўпарадкаванні. Да навагодніх святаў прыдумалі цікавую ілюмінацыю, да юбілею райцэнтра – малую архітэктурную форму «Прызнанне роднаму гораду» ў выглядзе сэрца ў колерах беларускага сцяга.
І, канешне ж, нашы завадчане з натхненнем удзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах, прымеркаваных да 530-годдзя Ляхавічаў.
З юбілеем роднага горада, дарагія землякі!

Аляксандр ВАШЧУК,
дырэктар ААТ «Ляхавіцкі
кансервавы завод».