Аграгарадскі раманс у выкананні старасты аграгарадка Навасёлкі Ляхавіцкага раёна

Таццяна ПІШЧ, стараста аграгарадка Навасёлкі, мастацкі кіраўнік Навасёлкаўскага СДК, кіраўнік клуба аматараў песні, гумару, гульні “Вечарніца”:

Па нараджэнні я падляшанка. Але 25 гадоў назад пасля заканчэння Гродзенскага музычна-педагагічнага вучылішча прыехала па размеркаванні ў Навасёлкі. Думала, папрацую тут год, другі… А засталася, напэўна, назаўжды. Толькі ўжо не ў вёсцы – у аграгарадку Навасёлкі.
Нездарма ў назве населенага пункта ёсць частка “нава”: вёска першай у раёне атрымала статус аграгарадка – у 2005 годзе. У нас падведзены прыродны газ, ёсць цэнтральнае водазабеспячэнне, дзіцячы сад, сярэдняя агульнаадукацыйная і музычная школы, комплексны прыёмны пункт, аддзяленні сувязі і банка, магазіны, сталовая і нават свой бар.
Сёння ў Навасёлках – 168 двароў, жыве ў іх 432 чалавекі: малых і дарослых, маладых і сталых.
Кожнага, хто ўваходзіць ці ўязджае ў Навасёлкі, сустракае яблыневы сад, пасаджаны вяскоўцамі. Ён прыгожы заўсёды: вясной у квецені, летам і восенню шчодра ўсыпаны сакавітымі пладамі. Побач – царква Іаана Прадцечы. Храм пабудаваны на сродкі СВК “Шлях новы” і прыхаджан – мясцовых жыхароў у гонар 60-годдзя вызвалення Беларусі і тутэйшых вёсак ад фашысцкіх захопнікаў і асвечаны ў гонар Ражджаства Іаана Прадцечы архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім Сцефанам 7 ліпеня 2004 года. Штогод да гэтай даты ў нас ладзіцца свята вёскі. Пачынаецца мітынгам каля помнікаў, што ўзвышаюцца ў цэнтры Навасёлак: над брацкай магілай 30-ці воінаў, якія загінулі ў ліпеньскія дні 1944 года ў баях за вызваленне, і абеліску ў гонар герояў-землякоў, якія не вярнуліся з Вялікай Айчыннай вайны. На помніку 27 прозвішчаў: Бельмачы, Бубены, Пранчакі, Станчыкі…
Аднавяскоўцы на свяце самыя актыўныя ўдзельнікі. Вышыванкі і выцінанкі, тканыя і вязаныя рэчы, кулінарныя прысмакі мясцовых майстрых і майстроў – аснова выставы-конкурсу народнай творчасці. З года ў год усё больш жадаючых паўдзельнічаць у конкурсе на лепшы сялянскі падворак “Мой дварочак нібы вяночак”. Сёлета ў ім прынялі ўдзел гаспадары больш за 100 падворкаў. І яшчэ адно прыемнае новаўвядзенне: падарункамі, апладысментамі і шчырымі словамі віталі вяскоўцы выпускнікоў мясцовай сярэдняй школы і будучых першаклашак.
Працягваючы тэму аграгарадка культурнага, нельга не ўспомніць каляндарна-абрадавыя святы “Зажынкі”, “Купальскія гульні”, “Калядкі”, “Дорага яечка да дня Хрыстова”, “Дажынкі”, якія прыйшліся даспадобы землякам. Нязменны іх удзельнік – клуб аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца”. Гэта якраз той выпадак, калі людзей рознага ўзросту і характару, прафесій і сацыяльнага статусу аб’яднала любоў да песні, асабліва народнай. Ужо больш як 20 гадоў “Вечарніца” радуе сваімі канцэртнымі праграмамі землякоў, з задавальненнем выступае на сцэнічных пляцоўках не толькі Ляхавіцкага раёна, але і за яго межамі. Вясёлыя песні, іскрамётны гумар, забавы не застаюцца незаўважанымі на раённых кірмашах і абласных “Дажынках”, на абласных фес-тывалях і святах. Акрамя “Вечарніцы” на творчым небасхіле зіхацяць дзіцячая вакальная група “Сузор’е”, аматарскае аб’яднанне “Флора”, клуб аматараў казкі, дыскаклуб “Рытм”, танцавальны дзіцячы гурт “Натхненне”.
А яшчэ ёсць у вёсцы свой НАК – Навасёлкаўскі фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Як жа мы чакалі, калі нарэшце расчыніць ён дзверы! Фундамент быў закладзены яшчэ ў 1985 годзе, але на працягу больш як 20 гадоў будаўніцтва было замарожана. Вялікую падтрымку ў аднаўленні будаўніцтва аказаў асабіста старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар, за што мясцовыя жыхары вельмі ўдзячны кіраўніку вобласці.
У НАКу суседнічаюць спартыўная зала, бібліятэка і Дом культуры. Як гаворыцца, і на дыскатэцы можна «адарвацца», і спортам заняцца. Дарэчы, колькасць чытачоў мясцовай бібліятэкі не змяншаецца – зараз больш за 300 пастаянных наведвальнікаў.
Медыцынскі аспект – асобная размова. Урачэбная амбулаторыя тут не простая, а з дзённым стацыянарам і стаматалагічным кабінетам (абсталяванне для якога, дарэчы, на наваселле падарыла раённая ўлада). Акушэрка, фельчар у Навасёлках свае. А ўрач пакуль прыязджае на прыём па пэўных днях. Затое па размеркаванні пасля ўніверсітэта прыехаў на працу стаматолаг.
Нельга ўявіць сённяшнія Навасёлкі без машынна-трактарнага двара, новага зернесушыльнага комплексу і сучаснай малочнатаварнай фермы, разлічанай на ўтрыманне больш як 800 кароў. Гэта толькі частка вялікай гаспадаркі “Шляху новага”. Мясцовыя людзі вызначаюцца любоўю да працы, адданасцю зямлі-карміцельцы, мудрасцю, мэтанакіраванасцю. 6 гадоў запар, пачынаючы з 1999 года, “Шлях новы” выходзіў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур і нарыхтоўцы кармоў.
Будучыня аграгарадка залежыць ад стану вытворчасці сельгаспрадпрыемства і, адпаведна, фінансавага стану гаспадаркі. “Шляхам новым” сёння кіруе Аляксандр Вашчук. Гаспадарка працуе стабільна і паспяхова. А яшчэ ўзбуйняецца. Спачатку да яго далучылі СВК “Флер’янова”, а сёлета і “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”. Паказчыкі эфектыўнасці работы гаспадаркі па многіх пазіцыях перавышаюць сярэднераённыя. За клопат тутэйшая зямля плаціць шчодрым ураджаем. Ёсць поспехі ў жывёлагадоўлі.
СВК пастаянна клапоціцца і пра сваіх працаўнікоў, і ветэранаў сельгасвытворчасці, школьнікаў, выхаванцаў дзіцячага сада – пра ўсіх навасёлкаўцаў: прэміі лепшым работнікам, беспрацэнтныя крэдыты, спонсарская дапамога падшэфнай школе і дзіцячаму саду, выдзяленне сродкаў на культурныя мерапрыемствы. Гаспадарка першай у раёне пачала стымуляваць вучняў да паспяховай вучобы: выдатнікі атрымліваюць грашовае заахвочванне. А тры лепшыя па выніках вучобы класы прэміруюцца экскурсіяй па выбраным маршруце па Беларусі за кошт СВК. Менавіта “Шлях новы” стаў адным з сааўтараў ініцыяванага “Ляхавіцкім веснікам” праекта стварэння ажэшкінскага парка ля дуба, пасаджанага калісьці вядомай польскай пісьменніцай Элізай Ажэшка. Маюць падтрымку і гаспадары ўласных падвор’яў. За сродкі гаспадаркі набыты электрапастух для вясковага статка, усталяваны домік для пастуха, падвозіцца вада для кароў на пашу, выдзяляюцца ўчасткі для нарыхтоўкі кармоў.
У нас – адзіным аграгарадку ў раёне – ёсць уласная камунальная служба: за чысцінёй на вуліцах сочыць дворнік. А члены мясцовай добраахвотнай дружыны забяспечваюць парадак падчас масавых мерапрыемстваў.
Як стараста магу адказна сцвярджаць: навасёлкаўцы лёгкія на пад’ём. І адпачываць любяць, і працаваць. Менавіта разам наводзім парадак на вуліцах аграгарадка, на могілках, дапамагаем адзінокім і састарэлым. Многае ў гэтым накірунку ініцыюе Навасёлкаўскі сельвыканкам.
Асаблівая ўвага – ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.
Навасёлкаўскай школе больш за 130 гадоў, 56 з іх яна ў статусе агульна-адукацыйнай. За гэты час выпусціла ў дарослае самастойнае жыццё больш за 1000 вучняў. Адсюль выйшлі прафесар Брэсцкага педуніверсітэта, кандыдат навук Антон Равінскі, доктар навук, выкладчык Серпухаўскага ваеннага вучылішча Уладзімір Зелянеўскі, вядомы беларускі паэт Леанід Пранчак, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублік Беларусь Аляксандр Стэцко і многія іншыя знакамітыя людзі і проста сумленныя, працавітыя землякі.
Наконт дзіцячага садка. Калі ў некаторых вёсках ёсць праблема набраць хаця б адну групу дашкалят, то ў нас у 2 групах выхоўваюцца 34 хлопчыкі і дзяўчынкі.
А аграгарадок працягвае расці. Новабудоўлі плаўна “распаўсюджваюцца” на так званае старое сяло. За імі пайшоў туды прыродны газ і іншыя выгоды. Упэўнена, чакае мае Навасёлкі доўгае і шчаслівае жыццё.
Запісала Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *