100 гадоў – не мяжа. І гэта пацвярджаюць самыя сталыя жыхаркі Ляхавіцкага раёна

Старэйшая жыхарка раёна стодзесяцігадовая Разалія Гаўдзіс.

Мае гады — маё багацце. Радкі з вядомай песні могуць аднесці на свой адрас 7354 жыхары нашага раёна, якія да Дня пажылога чалавека маюць самае непасрэднае дачыненне. Адзначаецца гэта дата ў прыгожую пару года, калі дрэвы апранаюцца ў золата лісця, як людзі ў гады; калі сабраны ўраджай, як дасягненні жыцця, радуе ці вымушае задумацца.

Колькаснае лідарства сярод пенсіянераў належыць жанчынам – іх у раёне 5269. 1405 чалавек размянялі дзявяты дзясятак. Сярод іх толькі 315 мужчын.  З гадамі жаночая перавага становіцца яшчэ больш адчувальнай. У раёне 8 жанчын, якія ўжо адзначылі 100-гадовы юбілей. Напярэдадні Дня пажылога чалавека супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва штогод іх наведваюць. Сёлета ў якасці падарункаў — прадукцыя Ляхавіцкага кансервавага завода, які выступіў спонсарам у гэтай дабрачыннай справе.
Літаральна 2 тыдні застаецца да 13 кастрычніка, калі векавы юбілей адзначыць Праскоўя Ярхова. Родам з Тамбоўскай вобласці, ужо больш як 18 гадоў жыве ў сям’і дачкі ў вёсцы Крывошын. Працавітая, мудрая і добрая жанчына, якая спаўна зведала выпрабаванні вайны і жыцця, сёння акружана любоўю і павагай родных.
Вельмі расчулілася русінавічанка, старэйшая жыхарка раёна 110-гадовая Разалія Гаўдзіс, калі завіталі з падарункам і да яе. Нягледзячы на такі шаноўны ўзрост і не самае моцнае здароўе, можа тое-сёе зрабіць па гаспадарцы, лічыць: пакуль рухаецца — жыве.
Самае галоўнае для пажылых — адчуваць увагу і сваю запатрабаванасць, не застацца ў адзіноце. Для вырашэння сацыяльных і бытавых праблем пажылых грамадзян у раёне з 2004 года працуе тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. 96 сацыяльных работнікаў аказваюць паслугі 550 састарэлым грамадзянам і інвалідам.
Спецыялісты ТЦСАН пажылым грамадзянам і інвалідам выдаюць сродкі рэабілітацыі, гуманітарную дапамогу, аказваюць паслугі сядзелкі, цырульніцкія паслугі па сацыяльна нізкіх цэнах. Не толькі ляхавічанам вядомы клуб “Залаты ўзрост”, што дзейнічае на базе цэнтра. Яго члены сустракаюцца з цікавымі людзьмі, займаюцца фізічнай культурай і спортам, вучацца асновам работы на камп’ютары. Яны ведаюць, што тут іх чакаюць, і кожны знаходзіць сабе занятак па інтарэсах — рукадзелле, кулінарыя, мастацкая самадзейнасць.
Дзень пажылых людзей — нагода чарговы раз наведаць блізкіх і родных, падзяліцца сваім душэўным цяплом, каб восень іх жыцця была спакойнай і ўтульнай.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.


One thought on “100 гадоў – не мяжа. І гэта пацвярджаюць самыя сталыя жыхаркі Ляхавіцкага раёна

  • 15/10/2013 в 18:20
    Permalink

    Моя бабушка 1922 г.р. В этом году ей 91 год. Бабушка моя заслуженный учитель района, герой труда. Пока были силы — работала. Сейчас возраст даёт о себе знать. Живёт она со своей сестрой.
    Желаю здоровья ей, Гуцанович Ольге Максимовне, и её сестре, Лапенковой Лидии Максимовне.
    Привет от внучки из далёкой Москвы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *