Цяжкі лён

Аляксандр Якабсон і Канстанцін Сумар пабывалі на Ляхавіцкім ільнозаводзе.

Выхад ільняной галіны на эфектыўную работу – а менавіта гэту задачу паставіў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка – прадугледжвае выкананне праграмы мадэрнізацыі вытворчасці, у якую ўключаны і ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”.

У мінулую сераду тут пабывалі старшыня Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандр Якабсон, старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар. Аляксандр Якабсон азнаёміўся з сітуацыяй на вытворчасці і раскрытыкаваў кіраўніцтва прадпрыемства і ААТ “Белаграсэрвіс” за неэфектыўную работу па мадэрнізацыі. Абсталяванне для завода закуплена, але высветлілася, што яно не ўмяшчаецца ў цэх, куды планавалі ўстанавіць. Складзены новы бізнес-план, які праходзіць экспертызу: патрабуецца будаўніцтва новага памяшкання, а гэта – вялікія дадатковыя расходы.
Сярод прэтэнзій, выказаных дырэктару прадпрыемства, – адсутнасць нармальных умоў для рабочых на вытворчасці.
На гэтыя і іншыя праблемы Аляксандр Якабсон указаў падчас рабочай нарады. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што ў аднолькавых умовах гаспадарання аналагічныя прадпрыемствы даюць розныя вынікі: адны працуюць з добрай рэнтабельнасцю (прывёў канкрэтны прыклад), у іншых вынік зусім супрацьлеглы – як на Ляхавіцкім ільнозаводзе.

Другі адрас рабочай паездкі – малочны завод.

Крытыкаваў Аляксандр Якабсон і ход падняцця льнотрасты: аптымальныя тэрміны парушаны, што, безумоўна, адбіваецца і на якасці льновалакна. Пры гэтым адзначыў, што характарыстыкі льнотрасты, атрыманай у нашай вобласці, вышэйшыя ў параўнанні з той, якую атрымліваюць у іншых рэгіёнах рэспублікі.
Старшыня Камітэта дзяржкантролю мае намер пабываць на большасці льнозаводаў краіны і пракантраляваць ход выканання даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па эфектыўным развіцці льняной галіны.
Зусім іншае ўражанне, чым на льнозаводзе, у Аляксандра Якабсона засталося ад наведвання СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. Мадэрнізаваная вытворчасць, абсалютны парадак, адпаведна, выдатныя ўмовы працы і, галоўнае, выпуск высакаякаснай, канкурэнтаздольнай, запатрабаванай спажыўцамі прадукцыі забяспечылі прадпрыемству эканамічную стабільнасць і магчымасць развіцця, а калектыву – дастойную зарплату. Старшыня КДК Аляксандр Якабсон падзякаваў дырэктару завода Вячаславу Жукоўскаму за такія вынікі працы.
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *