Ёсць у Ляхавічах машынабудаўнікі

Са святам, «Вікторыя»!

Верасень мінулага года стаў адметным не толькі для ПСУП “Аўтацэнтр “Вікторыя”, але і Ляхавіччыны ў цэлым: цяпер і наш раён мае непасрэднае дачыненне да машынабудаўнічай галіны. Год таму прафесіяналы з “Вікторыі” сабралі свой першы аўтамабіль на аснове аўташасі “МАЗа”.
Першая ляхавіцкая машынабудаўнічая ластаўка – аўтамабіль “65М10” – адправілася ў аграфірму “Дзявяткі” Кобрынскага раёна. І вось праз год, “накруціўшы” 40 тысяч кіламетраў, машына вярнулася ў “Вікторыю” для тэхабслугоўвання. Што адметна, за такі немалы прабег аўтамабілю ні разу не спатрэбілася тэхнічная дапамога – паломак і прастояў не было.
— Прыемна чуць добрыя водгукі пра сваю работу. І мы стараемся. Галоўнае – якасць, доўгі тэрмін эксплуатацыі аўтамабіляў, якія выпускаем. Наша прадпрыемства ў МАЗа адзінае такога кшталту. За кожную адзінку тэхнікі (самазвалы, фургоны, малакавозы, лесавозы), зробленую ў “Вікторыі”, упэўнены, сорамна не будзе. Красамоўнае сведчанне – новыя заяўкі ад тых, хто ўжо набыў нашу тэхніку, – гаворыць заснавальнік і дырэктар прадпрыемства, лепшы прадпрымальнік Брэстчыны па выніках мінулых гадоў, лаўрэат абласнога і раённага конкурсаў “Чалавек года” Віктар Шчука. І дзеліцца бліжэйшымі планамі: хутка адкрыецца новая механічная майстэрня, для якой набыта ўсё неабходнае абсталяванне.
Сваё прафесійнае свята – Дзень машынабудаўніка, “віктарыянцы” адзначылі… новым аўтамабілем – самазвал на базе ваеннага ўсюдыхода адправіцца ў дарожную арганізацыю Ганцавіч.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Ёсць у Ляхавічах машынабудаўнікі

  • 27/09/2013 в 22:06
    Permalink

    Классные ребята! Молодцы! Они заслуживают похвалы за свой труд!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *