Шчасце, падоранае Пераможцамі. На Ляхавіччыне прайшоў патрыятычны аўтапрабег, прымеркаваны да дня вызвалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў

Якая ж яна непаўторная, наша Беларусь! Краіна, якая ўвабрала ў сябе ўсё самае лепшае: моцная і незалежная, няскораная і самастойная, але, разам з тым, Беларусь – краіна прыгажосці і пяшчоты, такая ўтульная і родная. Кожны яе куток памятае пра сваё гераічнае мінулае, пра страшны дзень, калі на беларускую зямлю ступіла фашысцкая навала, памятае дзень, калі пераможным залпам прагучаў 1945 год. Ляхавічы былі вызвалены ад акупацыі 5 ліпеня 1944 года, а ў бліжэйшыя дні і ўвесь раён ачысцілі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.

5 ліпеня 2022 года на Плошчы Перамогі прайшоў мітынг, прысвечаны Дню вызвалення горада Ляхавічы ад нямецка-фашыцкіх захопнікаў, а таксама 80-годдзю кіравання Заходняга аператыўнага камандавання «Дзякуй табе, Салдат Перамогі».
Гірлянды, кветкі і вянкі да брацкай магілы ўсклалі кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў раёна, землякі. Метраном нагадаў, што ў нашай хвіліне маўчання – боль за кожнага, хто не вярнуўся з той вайны, абяцанне не здрадзіць пакаленню вызваліцеляў.
Віншаванні ляхавічанам накіраваў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Ён нагадаў, што і сёння рэха вайны гучыць: факты генацыду беларускага народа раскрываюцца па сведчаннях відавочцаў тых падзей, пракуратура абнаўляе лічбу ахвяр вайны, а колькі яшчэ пошукава-даследчай работы наперадзе. Таму сёння каштоўнасць міру і яго захаванне – задача першачарговай важнасці.
Гэты дзень з ляхавічанамі раздзялілі прадстаўнікі кіравання Заходняга аператыўнага камандавання – правапераемніка 28 арміі 3-га гвардзейскага корпусу, што у Вялікую Айчынную вызваляла Ляхавіччыну. Як наказ і абяцанне зберагчы незалежную Беларусь, гучалі словы намесніка камандуючага Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўніка Дзмітрыя Бекрэня. У гэты дзень у адрас Заходняга аператыўнага камандавання гучала шмат віншавальных слоў з нагоды 80-гадовага юбілею.
Пераемнасць пакаленняў і патрыятычнае выхаванне – аснова асноў, пра гэта гаварыў у сваім выступленні старшыня раённага савета ветэранаў Мікалай Юрлевіч.
Перад урачыстым мітынгам увагу ляхавічан заваявала выстава ваен-
най тэхнікі. Як заўжды, на «ўра» прайшлі паказальныя выступленні разведвальнага батальёна 11 гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, а таксама гістарычная рэканструкцыя вызвалення раёна.
Прыгожым шэсцем вайскоўцаў і ўдзельнікаў мітынгу пад гукі духавога аркестра ўрачыстаць перамясцілася да памятніка «Штык танкістам». У гэтым месцы пахаваны 23 воіны, якія загінулі пры вызваленні раёна. Дзякуй за жыццё і мір, у ваш гонар і памяць – кветкі і хвіліна маўчання.
Менавіта адсюль стартаваў патрыятычны аўтапрабег «Памяць жывая». Калону з машын сустракалі ў спадарожных населеных пунктах.
Курган Славы – сімвал мужнасці і стойкасці. Непадалёку ад Завіння стаіць гэты велічны знак нашай вечнай памяці і болю пра тых, хто назаўжды ў бяссмертным палку. Кветкі да помніка, адлічвае імгненні метраном, нагадваючы, што той жудасны час усё далей ад шчаслівага сёння.
Патрыятычным сюрпрызам стала адкрыццё музейнага экспаната – танка Т-72.
Мы памятаем, мы не забудзем, і не дазволім паўтарыць тое, што хавае ў сабе вайна.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.