Якасць уборкі – узорная, сацыяльная падтрымка – адрасная

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 ліпеня правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў. На мерапрыемства былі запрошаны і губернатары, каб абмеркаваць ход пачатай уборачнай кампаніі.

Уборачная кампанія павінна прайсці на самым высокім узроўні арганізацыі і дысцыпліны, паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.
«Якасць уборкі збожжавых каласавых, рапсу, кукурузы павінна быць узорнай! Усе пытанні вырашаны. Паліва, тэхніка, угнаенні. Усё ёсць. Далей пачынайце варушыцца, – сказаў Прэзідэнт. – За якасцю ўборкі жалезабетонны кантроль. Мінсельгасхарч і іншыя кантралёры».
«Страты недапушчальны. Мільён тон страт, вы разумееце, колькі сёння гэта грошай. Вы паўмільярда долараў можаце зарабіць. Мы такую дапамогу вёсцы не аказваем, колькі вы страчваеце на палях, асабліва па рапсе. Трэба адрэгуляваць камбайны такім чынам, каб не страціць рапс. Гэта велізарныя грошы», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён жорстка папярэдзіў: «Страта збожжа на палях будзе расцэньвацца сама меней як эканамічная дыверсія, сама больш – як злачынства. Хопіць жартаваць».
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб кадры на месцах былі мабілізаваны на сто працэнтаў: «Ніякай расхлябанасці і ашуканства. Поўная зладжанасць і парадак».
«Шалёны махавік санкцый адносна мінеральных угнаенняў, нафтапрадуктаў, лагістыкі перавозак (фрахт, страхоўка) пагражае сарваць наступныя аграсезоны і проста абваліць рынкі харчавання», – падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цэны будуць расці на прадукты харчавання ў цэлым, паколькі рост цэн на збожжавыя прывядзе да імгненнага росту на іншыя віды прадуктаў харчавання, прадукцыю жывёлагадоўлі. Ён звярнуў увагу, што цэны пабілі ўжо гістарычныя рэкорды. Як прыклад – пшаніца, якая толькі за апошнія паўгода падаражэла больш як на 60 працэнтаў. «Як аказалася, долары на хлеб
не намажаш», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што папярэдні скачок цэн на пшаніцу ў 2008 годзе завяршыўся сумна вядомай «арабскай вясной». Збожжа стала вялікай палітыкай і, па сутнасці, зброяй.
«Таму я вам і гавару: калі будзе працаваць эканоміка, будзе што паесці і ў што апрануць людзей, – гэта гарантыя таго, што мы вытрымаем, – падкрэсліў беларускі лідар. – А калі ўрад не праваліць яшчэ пад
выглядам санкцый іншыя сектары эканомікі, то ніякія санкцыі нам не страшныя».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што год у сельскай гаспадарцы складваецца нядрэнна. «Год нядрэнны. І ў Расіі ўраджай, і Украіна яшчэ нешта збярэ. І ў нас, калі мы расхлябана сябе паводзіць не будзем, атрымаем збожжа столькі, колькі нам трэба для
людзей і жывёл. Мы, вядома, вывозіць пшаніцу не будзем або якія-небудзь іншыя культуры. Хоць можам. Акрамя рапсу, лёну – тэхнічных культур. Бульбы, якой у нас хапае», – сказаў ён.
«Збожжавыя мы вывозіць не будзем. Трэба гэта ўсё перамалоць праз жывёлагадоўлю – атрымаць мяса, малако», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы строга папярэдзіў чыноўнікаў наконт падзяжу жывёлы на сельгаспрадпрыемствах. «Глядзець на вашы лічбы падзяжу і недахопу жывёлы проста нецярпіма. Губляем мільёны рублёў на роўным месцы. Я патрабую ад Генеральнай пракуратуры і Камітэта дзяржаўнага кантролю, Адміністрацыі Прэзідэнта (каго хочаце падключайце) неадкладна далажыць мне аб тым, як ідуць справы», – сказаў Прэзідэнт.
Адной з тэм нарады стаў падрыхтаваны законапраект «Аб дадатковых мерах у сацыяльна-працоўнай сферы».
Урад прапануе прыняць меры па забеспячэнні стабільнасці ў сацыяльна-працоўнай сферы ва ўмовах санкцый. Меры часовыя. Дзейнічаюць да канца 2022 года. Па-першае, каб падтрымаць працоўныя калектывы, прапануецца аказваць мэтавую дзяржаўную падтрымку наймальнікам.
Па-другое, у падрыхтаваным урадам праекце пашыраюцца магчымасці наймальнікаў па арганізацыі працы, што павінна забяспечыць стабільную работу прадпрыемстваў і стварыць дадатковы рэсурс, каб больш эфектыўна задзейнічаць работнікаў
і не дапусціць падзення іх даходаў.
Па-трэцяе, прапануецца ўстанавіць дадатковыя меры сацыяльнай абароны сем’яў, якія трапілі ў складаную фінансавую сітуацыю.
Аляксандр Лукашэнка папрасіў удзельнікаў нарады далажыць, ці не пагаршае падрыхтаваны дакумент становішча працоўных; якія выдаткі лягуць на бюджэт і які эфект будзе ад такога «страхавання»
ці «падстрахоўкі» наймальнікаў; ці не прывядуць прапанаваныя новаўвядзенні да таго, што прадпрыемствам будзе больш выгадна атрымліваць дзяржпадтрымку, чым варушыцца самім.
«І галоўнае, калі меры часовыя, ці трэба замацоўваць іх у законе?» – паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.
Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч пасля нарады расказала журналістам, што па выніках дыскусій прынята рашэнне зафіксаваць дадатковыя меры падтрымкі грамадзян і працоўных калектываў не ў праекце закона, а ў праекце ўказа Прэзідэнта. Падрыхтоўка такога дакумента займае менш часу.
Паводле слоў Ірыны Касцевіч, вырашана адкарэкціраваць дзеючы механізм адраснай сацыяльнай дапамогі грамадзянам у частцы прадастаўлення дакументаў, якія пацвярджаюць даход. Калі цяпер трэба прадаставіць дакументы за 12 месяцаў, каб дзяржава аказала падтрымку, то ў новым указе гэты перыяд будзе скарочаны да 3 месяцаў для тых работнікаў, якія апынуліся ў рэжыме вымушанай непоўнай занятасці або былі звольнены. «Тым самым мы адрасна, кропкава дапамагаем чалавеку і яго сям’і вырашыць праблему ў сувязі са зніжэннем даходу», – адзначыла міністр.
Прымаць рашэнне аб аказанні падтрымкі будуць па-ранейшаму органы выканаўчай улады на месцах.

Па матэрыялах БЕЛТА.