Шчаўе прадаўжае сезон. Нарыхтоўчы сезон на ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» у разгары

Нарыхтоўчы сезон на ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» у разгары. Сыравіна бесперапынна паступае ў вытворчыя цэхі, дзе ператвараецца ў плодаагароднінныя кансервы. Асноўная частка гатовай прадукцыі адпраўляецца да спажыўцоў у літаральным сэнсе прама з канвеера.

Гэтымі днямі асноўная заводская сыравіна – шчаўе, ідзе другая яго зрэзка. Дарэчы, падчас першай атрымана 97 тон, ад другой чакаюць больш за 60 тон. Кожная зрэзка ў залежнасці ад умоў надвор’я доўжыцца 3–4 дні.
Пад гэтую зялёную культуру на падсобнай гаспадарцы прадпрыемства адведзена шэсць гектараў. Шчаўе пры спрыяльных умовах надвор’я за сезон дае 3–4 ураджаі, кожная зрэзаная за змену порцыя адразу ідзе на перапрацоўку: раніцай зрэзалі, пасля абеду зеляніна ператвараецца ў «шчаўе кансерваванае». Слоікі з
гэтай нарыхтоўкай для першых страў суперпапулярныя ў пакупнікоў і нядоўга затрымліваюцца на паліцах магазінаў.
– Плануецца, што сёлета перапрацуем больш за 300 тон шчаўя. Большая частка ў выглядзе агароднінных кансерваў адправіцца да спажыўцоў па Беларусі, частка пойдзе на экспарт у Расію. У перапрацоўцы выкарыстоўваем выключна ўласную сыравіну, бо больш нідзе ў такіх маштабах, як у нашай падсобнай гаспадарцы, яна не вырошчваецца, – расказвае дырэктар ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Аляксандр Вашчук.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.