Высокая адзнака для сапраўдных афіцэраў. Нашаму земляку, ураджэнцу вёскі Крывошын Максіму Чаранкевічу аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта

Беларускія афіцэры – прыклад гонару і мужнасці, стойкасці і вернасці Радзіме. Гэта вялікая сіла патрыятызму – стаяць на абароне нашай Беларусі. Значнасць людзей у пагонах у сённяшніх не самых простых геапалітычных умовах літаральна бясцэнная. І, самае галоўнае, беларусы вам давяраюць, вераць у ваш прафесіяналізм і адданасць Беларусі.

Фота з сайта https://president.gov.by

Менавіта на гэтым зрабіў акцэнт Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас цырымоніі ўшанавання выпускнікоў ваенных ВНУ і вышэйшага афіцэрскага складу, якая адбылася 12 ліпеня ў Палацы Незалежнасці. А ў ляхавічан ёсць свая нагода для гонару.

Сярод выпускнікоў, якія скончылі ваенныя навучальныя ўстановы
з выдатнымі паказчыкамі ў вучобе, узорна выконваюць воінскі абавязак, – наш зямляк Максім Чаранкевіч. Маёр Максім Чаранкевіч сёння годна нясе службу ў 86-й брыгадзе сувязі ў населеным пункце Калодзішчы.
Ва ўрачыстай абстаноўцы Аляксандр Лукашэнка ўручыў нашаму земляку Падзяку Прэзідэнта. Максім Чаранкевіч – выпускнік Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, магістр з дыпломам выдатніка Ваеннай акадэміі сувязі імя Маршала Савецкага Саюза С. М. Будзёнага (г. Санкт-Пецярбург) – ураджэнец вёскі Крывошын Ляхавіцкага раёна. Сёння Максім дзеліцца ўражаннямі з чытачамі «ЛВ»:

Гэта адчуванне і ўспаміны на ўсё жыццё. Калі табе паціскае руку Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, такі аўтарытэтны ў сусветным маштабе палітык, адчуваеш сэрцам, што выбраў правільны шлях. Быць афіцэрам – гэта не проста пагоны, форма і ваенныя будні, сёння значнасць нашай справы як ніколі важная і адчувальная. І разуменне, што ты маеш да гэтага дачыненне, надае сіл і ўпэўненасці, наша незалежнае сёння і заўтра – гэта назаўжды. Вельмі хваляваўся, але ўрачыстая атмасфера, людзі, якія былі побач, Палац Незалежнасці настройвалі на ўзнёслы лад.
Словы Прэзідэнта, як заўсёды, былі моцнымі і канкрэтнымі, прасякнутымі глыбокім сэнсам. Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра канрэтныя падзеі, якія прымушаюць армейцаў праявіць больш пільнасці, адказнасці і ўвагі. Саюзная дзяржава на ўвесь свет прадэманстравала сяброўства народаў. А ўкраінскі ўрок чарговы раз нагадвае, што няма нічога даражэйшага за наш суверэнітэт. І якія б замежныя інтарэсы ні круціліся вакол Беларусі, наш Кіраўнік дзяржавы заўжды на першы план ставіць нацыянальныя інтарэсы, нашу нацыянальную бяспеку.
Згодзен з тым, што свет не будзе такім, якім быў раней, а вось наша задача – зберагчы Беларусь, зрабіць яе яшчэ мацнейшай. Свядомае жаданне служыць ва Узброеных Сілах і сёння дапамагае несці службу. Галоўнае, што побач вопытныя кіраўнікі-калегі, ёсць у каго вучыцца ў прафесійным плане. Дарэчы, на гэтым таксама акцэнтаваў увагу Прэзідэнт, калі гаварыў, што інтэлект запатрабаваны як ніколі, што, у сваю чаргу, патрабуе не толькі ад афіцэраў, але ад салдат і сяржантаў глыбокіх ведаў. Таму традыцыя настаўніцтва павінна захавацца і ўзмацніцца. Беларусь у надзейных руках. На гэта накіравана палітыка і нашай дзяржавы, у якой падтрымцы чалавека ў пагонах – вялікая ўвага. Гэта сапраўды адчувальна. Каля 13 гадоў я ў вайсковай справе, ніколі не пашкадаваў. І такая вялікая ўзнагарода ад Прэзідэнта – пацвярджэнне, што я на правільным шляху.
Хочацца сказаць пра Палац Незалежнасці. Экскурсію, якую правяла прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант, заслугоўвае асобнай увагі. Пабываць у палітычным цэнтры краіны варта кожнаму патрыёту. Разумееш значнасць падзей, пераасэнсоўваеш многае ўбачанае раней. Канешне, ганарышся, калі стаіш на тым самым месцы, дзе нармандская чацверка падпісала Мінскія пагадненні.

Запісала Маргарыта  КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.