Чалавек сабаку хто?

Маленькае кацяня, якое прынеслі ў кватэру, баязліва азіраецца і жаласліва мяўкае. Літаральна праз дзень-другі яно адчувае сябе калі не цэнтрам сусвету, то паўнапраўным членам сям’і. Яго песцяць і любяць, пра яго клапоцяцца. Нават спрачаюцца паміж сабой, у чыім пакоі і на чыім ложку будзе спаць гэты ласкавы жывы камячок. Падросшы кот і ўвогуле становіцца гаспадаром, вакол якога круцяцца ўсе і ўсё. А калі здараецца, што чатырохногі любімец захварэў, то і ўвогуле адданы гаспадар гатовы ўсё аддаць, каб знайсці найлепшае лякарства.
Ёсць сітуацыі і супрацьлеглага характару. У сям’і даўно марылі пра сабаку. І толькі пародзістага. Купілі. Пакуль маленькі – клопату з ім менш, падрасла жывёла – прыбавілася і клопату. Людзі, якія здаваліся сабаку самымі лепшымі, добрымі і клапатлівымі, вырашылі пазбавіцца ад свайго чатырохногага сябра: адвезлі далёка ад дому і выпусцілі. І стаў ён з хатняга бадзяжным. Знайшоў такіх самых сяброў па няшчасці – тузікаў, джэкаў, палканаў, якія аб’ядналіся ў зграю, бегаюць па вуліцах горада і вёсак, кідаюцца на праязджаючыя аўтамабілі, наводзяць страх на прахожых. Палохаюцца такой “кампаніі” і дарослыя і дзеці. Невядома, што можна чакаць ад істоты, якой калісьці здрадзіў чалавек… На жаль, нямала выпадкаў, калі сабака нападае на чалавека. Таму зразумела, што мы палахліва азіраемся, убачыўшы цэлую зграю. Трэцяе тысячагоддзе, прыгожы горад і… бадзяжная жывёла… Менавіта такую карціну нядаўна назіраў у Ляхавічах і Пётр Лазарчук з вёскі Кулікі і, узрушаны, патэлефанаваў у рэдакцыю “ЛВ”. Шкада сабак, якіх бадзяжнікамі зрабілі людзі. Трывожна за людзей, для якіх чатырохногія могуць уяўляць небяспеку.
Чаму так адбываецца? Людзі называюць сябе самымі разумнымі істотамі. Але ці самыя мы гуманныя? Неабыякавыя людзі ствараюць прытулкі для бяздомнай жывёлы. У іх знаходзіцца месца маленькім і дарослым, здаровым і хворым чатырохногім. Сродкі для ўтрымання жывёл збіраюцца, як гаворыцца, усім светам. Ёсць такі прытулак “Міласэрнасць” і ў Баранавіцкім раёне. Пастаянную сувязь з ім трымаюць выкладчыкі і навучэнцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Яны наведваюць прытулак, прывозяць туды лекі, кармы, дапамагаюць у доглядзе і лячэнні тутэйшых гадаванцаў. Канешне, не пазайздросціш службам, якія павінны займацца адловам бадзяжных жывёлін. Гэтай справай абавязана займацца спецыялізаваная служба. У Ляхавіцкім раёне такая пакуль не створана.
Згодна Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за парушэнне правілаў утрымання хатніх (ці) дзікіх жывёл прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: ад папярэджання і штрафу да 10 базавых велічынь да адміністрацыйнага арышту. Такім чынам, калі будзе, напрыклад, даказана, што прахожага пакусаў сабака канкрэтнага гаспадара, то апошні можа заплаціць штраф 3,9 мільёна рублёў ці будзе арыштаваны.
Напэўна, да вырашэння сітуацыі з хатнімі сабакамі і кошкамі могуць падключыцца і супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў, сельвыканкамаў, раённай ветэрынарнай і камунальнай службаў.
Калі гаспадар не жадае па-гаспадарску адносіцца да сваёй хатняй жывёлы, якую прыручыў, няхай адказвае па законе. Не жадае адказваць – трэба прымусіць. Магчыма, тады на вуліцах будзе менш бадзяжных сабак і катоў.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *