Лён з лянотай не сябруе. На мінулым тыдні льнаводы Ляхавіцкага раёна прыступілі да цераблення сваёй галоўнай культуры

На мінулым тыдні льнаводы раёна прыступілі да цераблення сваёй галоўнай культуры. А даўгунец у гэтым годзе вырас сапраўдным маладцом.

Па меншай меры, яго сёлетні збор абяцае быць выгадна іншым, чым летась. Але на гэты безумоўны плюс, на жаль, накладваецца і відавочны мінус. Шчыльны, дзённай працягласці дождж, што накрыў палеткі ў мінулы аўторак у суполцы з моцным ветрам, такі нашкодзіў.
– Больш за палову нашых ільноплошчаў перад непагаддзю не выстаялі. У літаральным сэнсе: аказаліся прыбітымі да зямлі, месцамі выглядаюць пакручанымі. Церабіць такія плошчы складаней, даводзіцца быць больш ахайнымі, працаваць на меншых хуткасцях.
А гэта – страта тэмпаў работ, – тлумачыць сітуацыю вядучы аграном ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Мікалай Герасімовіч.
Агранома і яго механізаваны атрад мы знайшлі ў полі, якому можна сказаць пашчасціла. 45 ільняных гектараў, размешчаных праз дарогу ад малочнатаварнай фермы «Падбарочча», – і ні соткі палегліцы. Яшчэ з відавочнай «зелянцой» расліны стаяць роўнай і высокай сцяной. З дапамогай рулеткі было праведзена некалькі замераў: на прыдарожным ускарайку поля «рост» ільну складаў 80–85 сантыметраў, на паніжаным месцы ў сярэдзіне палявога квадрата – усе 90 плюс.
Між тым, на полі імкліва снавалі юркія церабілкі-самаходкі. Працавалі манеўрана і, здавалася, без напружання, кожная пакідала за кармой дзве льняныя стужкі. Усяго машын – шэсць, стужак, адпаведна, 12. І ўжо дастаткова познім вечарам таго дня церабільныя работы на 45-гектарным палетку фінішавалі.
Але такіх ці падобных палёў-участкаў у ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» яшчэ нямала. Знаходзяцца яны ў розных сельскагаспадарчых лакацыях раёна. Па стане на раніцу чацвярга, з 2200 пасеяных гектараў выцераблена было прыкладна чатыры сотні. За першай тэхналагічнай аперацыяй будзе ачэсванне, не менш як двухразовае абарочванне, перадпрасовачнае ўспушванне стужак трасты, прасаванне і ўборка-звозка прэс-рулонаў. Яшчэ патрэбна, каб пашанцавала з надвор’ем: былі цёплыя дні і росныя раніцы. Лён – культура не для лянівых: што ў былыя «ручныя» часы, што зараз, калі льновытворчыя работы поўнасцю механізаваны.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.