Мак па-за законам. Для чаго гаспадары ў Ляхавіцкім раёне вырошчваюць мак і якая па законе за гэта адказнасць?

Штогадовая рэспубліканская спецпраграма «Мак» праводзіцца з 1 чэрвеня па 15 верасня. Яе асноўная мэта – ухіленне прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць распаўсюджванню наркотыкаў расліннага паходжання, выяўленне і знішчэнне наркаўтрымліваючых раслін, а таксама перакрыцце каналаў паступлення такога кшталту наркотыкаў у рэгіён.
Супрацоўнікі міліцыі выяўляюць і знішчаюць дзікарослыя зараснікі канапель і маку, незаконныя пасевы гэтых раслін на прысядзібных участках, агародах і дачах гараджан і вяскоўцаў.

Сёлета ў нашым раёне супрацоўнікі розных падраздзяленняў РАУС выявілі пяць месцаў, дзе рос мак. З агульнай плошчы 625 квадратных метраў знішчана 14,6 кілаграма раслін. У двух выпадках мак знайшлі на прысядзібных участках. У Крывошыне гаспадыня патлумачыла, што пасадзіла мак побач з капустай для барацьбы са шкоднікамі раслін. А вось жыхар Галаўнінцаў адзначыў, што культура
вырасла сама па сабе. А ў райцэнтры і Задвор’і мак вырас у месцах агульнага карыстання.
Мак і каноплі могуць прынесці нямала непрыемнасцяў гаспадарам, на чыіх участках яны вырошчваюцца, – ад адміністрацыйнага пакарання да крымінальнай адказнасці. Што тычыцца фактаў, выяўленых сёлета на Ляхавіччыне, то на першы раз гаспадары з Крывошына і Галаўнінцаў абмежаваліся вусным папярэджаннем. Калі будзе паўторнае выяўленне, то давядзецца заплаціць штраф да 15 базавых велічынь.
Як паказвае практыка, некаторыя грамадзяне па-ранейшаму прытрымліваюцца думкі, што, калі мак ці каноплі самі па сабе выраслі на тэрыторыі іх домаўладання, ніякай адказнасці за гэта не нясуць. Але гэта памылковае меркаванне, можна атрымаць штраф да 20 БВ. Калі ў такога кшталту дзеяннях будзе мець месца мэта збыту ці вырабу наркатычных або псіхатропных рэчываў, то наступае крымінальная адказнасць. Вось чаму супрацоўнікі міліцыі надаюць важнае значэнне прафілактычнай рабоце: сустракаюцца з жыхарамі раёна, тлумачаць ім пра недапушчальнасць вырошчвання маку і каноплі.
Дапамагаюць змагацца з макавымі зараснікамі добрасумленныя і неабыякавыя жыхары раёна, якія тэлефануюць і паведамляюць пра месцы, дзе растуць такія культуры.

Дзмітрый КОТАЎ, старшы оперупаўнаважаны
аддзялення крымінальнага вышуку РАУС
.