Ім патрэбна “Рука дапамогі”

Няшчасце, калі хлопчык ці дзяўчынка становіцца сіратой. А ёсць такія, хто па розных прычынах засталіся без бацькоўскай апекі пры жывых бацьках. І калі ў дзяцінстве і падлеткавым узросце ўсе клопаты па іх выхаванні і пражыванні на сябе бярэ дзяржава, то, стаўшы дарослымі, яны павінны клапаціцца пра сябе самі. Не ўсе паспяхова пачынаюць гэты шлях, здараецца, што не атрымліваецца жыць сумленна, па законах грамадства, і тады дарослыя дзеці паўтараюць лёс сваіх бацькоў, ступаюць на “крывую” жыццёвую дарогу. Вось чаму важна постінтэрнатнае суправаджэнне дзяцей-сірот. Неабходна ў поўнай меры рэалізаваць усе дзяржаўныя гарантыі па іх сацыяльнай абароне і папярэдзіць траплянне ў цяжкія жыццёвыя сітуацыі.
У аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вядзецца банк даных асоб з ліку дзяцей-сірот. Па стане на 1 верасня 2013 года на ўліку ў ім – 20 рабят ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў і 53 маладыя чалавекі – ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў (18 круглых сірот, 35 сацыяльных (біялагічныя бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў). З “уліковых” 20 чалавек працуюць, 24 вучацца (10 – у вышэйшых навучальных установах), адзін нясе службу ва Узброеных Сілах краіны.
Асноўная праблема, з якой сутыкаюцца амаль усе дзеці-сіроты, якія робяць першыя крокі ў дарослае жыццё, – жыллёвая. У выпадку, калі яны адразу атрымліваюць статус сіраты (часцей за ўсё гэта рабяты з неўладкаваных сем’яў) і пераходзяць на дзяржаўнае забеспячэнне, за імі замацоўваюцца жылыя памяшканні (кватэры, дамы), дзе яны раней пражывалі. У нашым раёне маюць жыллё 23 сіраты, 30 стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Іншы раз праблема ў тым, што на той жа жыллёвай плошчы застаюцца і пазбаўленыя бацькоўскіх правоў бацькі, якія часта п’янствуюць, нідзе не працуюць.
Здараюцца сітуацыі, калі, стаўшы дарослымі, дзеці вяртаюцца ў замацаваныя за імі кватэры, а там мільённыя запазычанасці па камунальных плацяжах, забіта каналізацыя, разбурана ацяпляльная сістэма, адключаны святло і газ. Як у такіх умовах жыць маладому чалавеку? Якія меры ён рэальна можа прыняць, каб хутка прывесці жыллё ў парадак? Сёлета былі абследаваны матэрыяльна-бытавыя ўмовы пражывання ў 61 жылым памяшканні.
А яшчэ двое нашых падапечных атрымалі гуманітарную дапамогу па лініі таварыства Чырвонага Крыжа, аднаму аказана садзейнічанне ў набыцці спецыяльнасці і працаўладкаванні, яшчэ аднаму выдзелена сацыяльнае жыллё. Праведзена 7 псіхалагічных кансультацый і 4 юрыдычныя.
Для комплекснай дапамогі асобам з ліку дзяцей-сірот на базе ТЦСАН створаны і дзейнічае клуб “Адлюстраванне”, які наведваюць 10 чалавек. Заняткі ў клубе праводзяцца што-квартальна па спецыяльнай праграме “Рука дапамогі”, мэта якой – аказанне сацыяльна-псіхалагічнай, прававой дапамогі. Заняткі праходзяць у форме трэнінгаў, сюжэтна-ролевых гульняў. Папулярныя сярод удзельнікаў лекцыі, гутаркі, відэафільмы па прапагандзе здаровага ладу жыцця, прафілактыцы алкагалізму і наркаманіі, суіцыдальных паводзін, супрацьдзеянні гандлю людзьмі.
Спецыялісты цэнтра асаблівую ўвагу надаюць фарміраванню ў дзяцей-сірот сямейных каштоўнасцей: любві, даверу, адказнасці, клопату, спагады і інш. Маладыя людзі са статусам сіраты сустракаліся са свяшчэннаслужыцелем, а 23 жніўня ў ТЦСАН праходзіў дзень адкрытых дзвярэй. Некалькі раз у год праводзяцца “круглыя сталы” з удзелам зацікаўленых службаў раёна. Падчас іх вырашаецца шэраг пытанняў сацыяльнага, жыллёвага і прававога характару.
Галіна ПІШЧ,
дырэктар ТЦСАН.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *