У чаканні сонца. Не паспеўшы разагнацца, жніво «спатыкнулася» аб дажджы

Галоўны аграном Леанід Ксёнжык
і аграном-хімік Ігар Карпей з ААТ «Нача».

А тым часам стрымана-добрае надвор’е чарадавалася з перыядамі ападкаў. У розных месцах па-рознаму, але дожджык нагадваў пра сябе і ў суботу, і ў нядзелю, нядрэнна пагаспадарыў у панядзелак. Учарашні дзень таксама пачаўся з дажджу – зусім недарэчнага ў гэты жніўны час. Уборка, якая пачалася, але так і не выйшла на пік абаротаў, «спатыкнулася» аб непагадзь. Тым не менш, у перапынках паміж імі хлебаробы раёна, што называецца, лавілі моманты: камбайнавалі спелую і не бедную ў гэтым годзе ніву. З азімым ячменем разабраліся ўсе яго сёлетнія вытворцы – «Нача», «Жарабковічы», «Шлях новы», «Белпрампрыбор», фермерская гаспадарка «Фораланд». Раённы клін гэтай культуры складаў амаль 850 гектараў. Кожны з іх у сярэднім заважыў крыху за 70 цэнтнераў, што лічыцца вельмі і вельмі
нядрэнным ураджаем. Тым больш, што «маякі» – сельгасарганізацыі, дзе названая лічба ўраджайнасці аказалася перавышанай прыкладна на два дзясяткі цэнтнераў.
У «Жарабковічах» ячменны колас пацягнуў на 89 цэнтнераў з гектара, у «Начы» – на больш як 90.
Асобныя гаспадаркі паспрабавалі ўжо сябе на ўборцы азімага рапсу ці аўсу, ільнаводы раёна працягваюць кампанію цераблення.
А ў чаканні сонца абсалютна ўсе аграрыі ашчадна манітораць свае зерневыя палеткі – на прадмет уборачнай спеласці, неабходнага паказчыка вільготнасці. Іменна ў момант «кантрольнай работы» – за вызначэннем вільготнасці жытнёвага – наш фотааб’ектыў заспеў аграномаў ААТ «Нача» – галоўнага Леаніда Ксёнжыка і хіміка Ігара Карпея. Сваё жыта (калі не ўсё, то некаторую яго частку) гаспадарка мае намер убраць дастаткова вільготным. Так, каб была магчымасць ажыццявіць яго плюшчэнне з наступным выкарыстаннем у якасці корму для жывёлы.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.