Выпускныя тэсты для праверкі ведаў. У новым навучальным годзе выпускнікі школ будуць здаваць ЦЭ. Тлумачым асаблівасці новаўвядзення

Абноўлены Кодэкс аб адукацыі сабраў шмат разваг, каментарыяў, пытанняў, асабліва з боку бацькоў, наконт формы выніковых іспытаў трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У аддзел па адукацыі райвыканкама ўсё часцей паступаюць званкі ад разгубленых бацькоў, якія турбуюцца, як у наступным годзе будуць адбывацца школьныя іспыты. На папулярныя пытанні адукацыйнага характару адказвае намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя САРАКАВІК.

– Марыя Аляксандраўна, у 2022 годзе адзінаццацікласнікі здавалі чатыры выпускныя экзамены. Ці будзе ў 2023 годзе працаваць традыцыйная схема здачы экзаменаў?
– Адназначна, не. Навучэнцы 11 класа будуць здаваць два цэнтралізаваныя экзамены (далей ЦЭ): рускую або беларускую (на выбар) мову і матэматыку ў выглядзе тэстаў, якія будуць распрацаваны з улікам вывучэння прадметаў на базавым узроўні.
Якім чынам будзе праходзіць школьны экзамен?
Цэнтралізаваны экзамен будзе аналагічным цэнтралізаванаму тэсціраванню. Такім чынам, экзамен у выглядзе ТЭСТА дазволіць вызваліць навучэнцаў ад падрыхтоўкі да экзаменаў, што праходзілі ў рознай форме. Напрыклад, раней дзеці пісалі па беларускай мове пераказ, цяпер жа будзе тэст.
Дзе і калі будзе праходзіць цэнтралізаваны экзамен для нашых школьнікаў?
– Навучэнцы школ нашага раёна будуць здаваць яго на базе Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ў маі. Пры тым, што рабят туды будуць падвозіць цэнтралізавана школьнымі аўтобусамі.
– Які механізм дзейнічае далей, калі цэнтралізаваныя экзамены пройдзены?
– Калі ЦЭ навучэнцы здалі, яны атрымліваюць адзнаку ў атэстат аб сярэдняй адукацыі і сертыфікат для паступлення ва ўстановы вышэй-
шай адукацыі. Школьныя экзамены і ЦТ па адной з дзяржаўных моў і матэматыцы будуць сумешчаны. Астатнія прадметы, якія будуць патрэбны для паступлення ў ВНУ, можна будзе здаць на цэнтралізаваным тэсціраванні.
Такім чынам, тэсты па матэматыцы ў школе – абавязковы элемент цэнтралізаванага экзамена?
– Так. Важна разумець, што, калі для паступлення ва ўстанову вышэйшай адукацыі матэматыка не патрэбна, усё роўна яе неабходна здаць у выглядзе ЦЭ па матэматыцы. Гэта неабходна для атрымання атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі, паколькі атрыманы бал на экзамене ўплывае на бал атэстата.
Ці будуць нейкія рэпетыцыйныя іспыты тэсціравання?
– Канешне. Як і ў мінулыя гады, можна будзе прыняць удзел у трох этапах РТ. Праверыць свае веды могуць і адзінаццацікласнікі,
і дзесяцікаласнікі.
Як адзначаюць у аддзеле па адукацыі, па меры паступлення пытанняў, адукацыйныя нюансы будуць растлумачвацца на сайтах аддзела і ўстаноў адукацыі, на бацькоўскіх сходах і класных гадзінах. Таксама напярэдадні новага 2022/2023 навучальнага года «ЛВ» правядзе традыцыйную прамую лінію па адукацыйных пытаннях.

Гутарыла
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ