На паўдарозе да школы. Дзе на Ляхавіччыне можна набыць школьныя тавары?

З 15 ліпеня ў Беларусі пачалі працаваць школьныя базары, усяго плануецца адкрыцца каля 400 такіх аб’ектаў па ўсёй краіне. Падчас вучнёўскага шопінгу можна набыць усё неабходнае са школьнага і дзіцячасадаўскага асартыменту, каб быць у поўнай гатоўнасці да новага навучальнага года.

Што са школьнага асартыменту прапануе самая разгалінаваная гандлёвая сетка нашага раёна – Ляхавіцкае райпо? За каментарыямі «ЛВ» звярнуўся ў раённае спажывецкае таварыства.
Намеснік старшыні праўлення Ляхавіцкага райпо Уладзімір Шырэй патлумачыў: у сувязі з адсутнасцю спецыялізаванага магазіна, адпаведныя групы тавараў размеркаваны па амаль усіх магазінах райпо ў горадзе і сельскай мясцовасці.
Вось што расказаў начальнік аддзела гандлю і грамадскага харчавання райпо Віталій Якавец:
– Прыкладна з 10 жніўня плануем арганізаваць выяздны гандаль – на рыначнай плошчы ў Ляхавічах у павільёне райпо будзем прадаваць школьныя тавары, у асноўным, канцылярыю. Куткі школьніка арганізуем у кожным сельскім магазіне. Акрамя таго, у нашы гандлёвыя кропкі будзем заказваць тавары па папярэдніх заяўках ад грамадзян і распрадаваць тое, што завезена ў мінулыя гады ў былы магазін «Аліса». Райпо традыцыйна прапануе набыццё школьных тавараў у растэрміноўку на тры месяцы без папярэдняга ўзносу. Сачыце за нашымі акцыямі.
Як бачна, райпоўская прапанова не надта ўражвае. З канцылярыяй сітуацыю крыху палепшаць Белбланкавыд і гандаль Белсаюздруку, павільёны і кіёскі якога прапаноўваюць пэўны выбар сшыткаў, пісьмовых прыналежнасцей і інш. Выбар ёсць і для пачаткоўцаў, і для старшакласнікаў. А вось як быць з самым запатрабаваным таварам – школьнай формай, якая з 2022-2023 навучальнага года стане абавязковай. Дзе ж яе купіць?
– Нашы хлопчыкі і дзяўчынкі не застануцца без школьнай формы і адзення. Такога кшталту і іншы тавар можна будзе набыць у магазіне «Марк Фармэль», гандлёвай кропцы ТАА «Тогз» (гандлёвы цэнтр «Маяк»), індывідуальнага прадпрымальніка ў гандлёвым цэнтры «Этаж», – гаворыць начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Людміла Матчэня.
Нядрэнны асартымент спартыўнага адзення, бялізны для дзяцей у магазіне «Паштавік». Ды і цэны тут прымальныя.
Такім чынам атрымліваецца, што ўсе надзеі і спадзяванні ляхавіцкіх дзяцей і іх бацькоў у плане набыцця школьнай формы, абутку, канцылярыі, іншых аксесуараў будуць звязаны ў асноўным з прыватнымі магазінамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія яўна не ўпусцяць выдатную магчымасць зарабіць і паспрыяць уласнаму фінансаваму дабрабыту, гандлюючы школьнымі таварамі.

Галіна КАНЬКО.