Служба заўсёднай гатоўнасці. 25 ліпеня Ляхавіцкія пажарныя адзначаць прафесіянальнае свята

І ў агонь, і ў ваду. Гэта пра пажарных-выратавальнікаў Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны спраўляюцца з пажарамі не толькі ў жыллёвым сектары, але і ў экасістэмах, аказваюць дапамогу людзям, якія церпяць бедства на вадзе, і тым, хто трапіў у ДТЗ.

Начальнік РАНС Юрый Буйкевіч і вадзіцель ПАВЧ № 1 Аляксандр Чабатарэнка.
Начальнік РАНС Юрый Буйкевіч і намеснік начальніка Дзмітрый Берташ

З пачатку года на рахунку падраздзяленняў РАНС больш за паўтысячы выездаў, сярод якіх 126 – на ліквідацыю пажараў.
І практычна ўсюды ў першых радах супрацоўнікі ПАВЧ № 1. Гэта звязана не толькі з тэрытарыяльным размяшчэннем, але і з прафесійнай падрыхтаванасцю.
Калектыў ПАВЧ № 1 – гэта 21 атэставаны для правядзення аварыйна-выратавальных работ супрацоўнік, прычым фізічна загартаваны, адказны і валявы. Камандзіры аддзяленняў Ігар Русакевіч і Сяргей Рылко – правераныя экстрэмальнымі сітуацыямі прафесіяналы. Дзяжурства кожнай з трох змен доўжыцца суткі.
З чаго складаюцца дзяжурныя суткі пажарнага-выратавальніка? У распарадку – перадача змены з многімі важнымі пунктамі дзейнасці, вучэбныя і практычныя заняткі, тактыка-спецыяльныя вучэнні, абслугоўванне спецтэхнікі, афармленне службовай дакументацыі, ахова памяшканняў і тэрыторыі, іншыя абавязкі. Пажарная служба – служба заўсёднай гатоўнасці. Дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання РАНС яшчэ толькі прымае сігнал SOS, а баявое падраздзяленне ўжо выязджае на адрас бедства.

У штаце ПАВЧ і група выратавання на вадзе. Сярод гэтых прафесіяналаў – Валянцін Сарайкін, Іван Негарожын, Яўгеній Пярэська і іншыя. Яны прайшлі адпаведную падрыхтоўку і не раз дэманстравалі ўменне ратаваць чалавека ў вадзе нават у глыбокі мінус.
Узаемавыручка і цвёрдае плячо сярод пажарных – важкі складнік поспеху. І, як правіла, выпадковыя людзі тут не затрымліваюцца. Стаж старшыны групы матэрыяльнага забеспячэння і абслугоўвання Руслана Наўгародскага ў РАНС перавысіў два дзесяцігоддзі, з іх 19 гадоў ён ратаваў жыцці і маёмасць землякоў. Прычым не лічыць свае ўчынкі нечым асаблівым, адзначае, што проста выконваў з калегамі свой абавязак. Перакананы, што галоўнае ў прафесіі пажарнага – жалезныя нервы і ўменне дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі з халодным разлікам.

Старшына групы матэрыяльнага забеспячэння і абслугоўвання РАНС Руслан Наўгародскі


– Пры шчыльным задымленні заўважыць чалавека цяжка. Дапамагаюць логіка, вопыт і інтуіцыя. Страх? Страха ніколі не было. Прысутнічае толькі разуменне – на цябе спадзяюцца і разлічваюць. Ты проста павінен рабіць сваю працу добра, – дзеліцца Руслан Наўгародскі. Да прафесіянальнага свята ён адзначаны памятным знакам «165 гадоў пажарнай службе».
У скарбонцы шматлікіх узнагарод старшага прапаршчыка дыспетчара цэнтра аператыўнага кіравання Вадзіма Цімошака да Дня пажарнай службы з’явіцца і нагрудны знак МНС «Выдатнік». Вадзім і яго калегі – дыспетчары Уладзімір Будчанін, Ігар Ракуць прымаюць на сябе хвалю эмоцый ад тых, хто паведамляе на тэлефоны 101 і 112 пра пажар ці іншае здарэнне. Вадзім Цімошак у радах выратавальнікаў – 26 гадоў. Работу сваю ведае дасканала, быццам сапраўдны псіхолаг спраўляецца з панікай суразмоўцы, збірае дакладную інфармацыю для аператыўнай дапамогі і , канешне, граматна «суправаджае» пажарных да месца здарэння.


Дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання Вадзім Цімошак
Трэцяя змена ПАВЧ № 1 на чале з начальнікам каравула
Паўлам Радзюком (першы справа).
Вадзіцель ПАВЧ №1 Мікалай Страмавус


Паспець у час на аб’ект узгарання – з такой задачай ужо 22 гады кожную змену выдатна спраўляецца вадзіцель Мікалай Страмавус.
– Тэхніка ў нас надзейная, не падвядзе. МАЗ умяшчае 10 тон вады, і гэта ў чатыры разы больш, чым у старых ЗіЛах, – дзеліцца Мікалай Страмавус.
На ўзбраенні ПАВЧ № 1 і іншых падраздзяленняў сучаснае абсталяванне: гідраўлічны і аварыйна-выратавальны інструмент з мотапрывадам. У камплекце і асвятляльная мачта, генератар, а таксама ўнікальная экіпіроўка для работы ва ўмовах павышаных тэмператур ці падтаплення, агрэсіўным асяроддзі. Хутка на ўзбраенне прымуць і лесвіцу, даўжыня якой у раскрытым стане складае 30 метраў.
Побач з прафесіяналамі пажарнай службы ўпэўнена сябе адчуваюць і больш маладыя калегі. Сёлета лёгка ўліўся ў калектыў пажарны Аляксей Кузняцоў, летась – Уладзімір Сазановіч, вадзіцель Васілій Шчарбіцкі. Намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Берташ падкрэслівае, што новыя кадры старанна спасцігаюць азы прафесіі, да службы ставяцца з усёй адказнасцю.
Больш за год на чале РАНС Юрый Буйкевіч – нераўнадушны і кампетэнты кіраўнік. Каб быць у курсе падзей і сітуацый, ён выязджае ў прафілактычныя рэйды, на пошукі людзей, якія згубіліся ў лесе, прымае ўдзел у дзейнасці назіральных камісій і г. д. Юрый Буйкевіч да Дня пажарнай службы ўзнагароджаны памятным нагрудным знакам «165 гадоў пажарнай службе». У спісе адзначаных –
яшчэ дзевяць супрацоўнікаў. Вадзіцелю ПАВП № 14 Дзмітрыю Ліхачу ўручаны нагрудны знак МНС «Выдатнік». Прысвоена чарговае спецыяльнае званне старшы прапаршчык унутранай службы – камандзіру аддзялення ПАВП № 14 Аляксандру Заплёціну і камандзіру аддзялення ПАВП № 11 Васілію Рабцэвічу.
– Калектыў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях – каманда ў складзе 61 чалавека. Лічу, што гэта не звычайныя саслужыўцы і не проста калегі.
У нашай службе паспяховы вынік залежыць ад агульнай зладжанасці і падтрымкі. Дзякуй за работу ўсяму калектыву. З пра-
фесіянальным святам усіх, хто рызыкуе жыццём, каб дапамагчы іншым! – адзначае Юрый Буйкевіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.