Ляхавічы:школа першых адкрыццяў /фота/

Марыя Антонаўна Махнавец

Марыя Махнавец, выпускніца, настаўніца, ветэран педагагічнай працы СШ № 1 г. Ляхавічы

Школа. Заўсёды маладая і энергічная, напоўненая дзіцячымі звонкімі галасамі, узнёслая і ўрачыстая. Гэта цэлае жыццё са сваім сцэнарыем, прыступка, з якой пачынаецца старт у дарослае жыццё. Я “родам” з першай школы. Сюды прыйшла ў далёкім 1948 годзе першакласніцай. Мы, хлопчыкі і дзяўчынкі, кожны дзень беглі ў драўляны будынак, які тады размяшчаўся па вуліцы Камсамольскай. Часта адсутнічала электрычнасць, таму даводзілася вучыцца пры святле газавых лямпаў… Нягледзячы на цяжкасці, вучыліся з цікавасцю і задавальненнем. Нас, аднакласнікаў, было 23 чалавекі. Клас невялікі, але дружны, жыццярадасны, працалюбівы. Актыўныя, гарэзлівыя, удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах і ў мастацкай самадзейнасці. Адаму Мурзічу, здаецца, самой прыродай было наканавана стаць артыстам – ужо ў школе спяваў – заслухаешся. Сёння ён – мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, заслужаны работнік культуры Беларусі. Кіраўнік народнага ансамбля народнай музыкі “Народныя музыкі” Эдуард Сіліцкі з дзяцінства меў творчыя задаткі і вучыўся ў музычнай школе. Наогул, усе мае аднакласнікі адбыліся як асобы, знайшлі сваё жыццёвае прызначэнне. Дзесяцёра абралі настаўніцтва сваім лёсам. Што нас адрознівала ад іншых, гэта ўменне сябраваць. Сябруем і сёння. І калі праз паўстагоддзя сабраліся на 140-гадовы юбілей любімай школы, успамінам не было канца, і ўсе яны вярталі ў юнацтва…

Сёння ў школе больш за 630 вучняў.

… СШ №1 для мяне – родны дом. З заміраннем у сэрцы ў 1971 годзе пераступала парог ужо новага будынка школы ў новым статусе — настаўніцы пачатковых класаў.
Давайце пагартаем старонкі гісторыі навучальнай установы, ва ўсякім разе тыя, якія адбываліся на маіх вачах, гісторыі ў асобах.
З 1958 па 1968 гады дырэктарам школы быў граматны і дзелавіты, тактоўны і аўтарытэтны кіраўнік Іван Піліпавіч Дзегелевіч. Ён унікаў ва ўсе справы, быў ініцыятарам новага, зараджаў жаданнем зрабіць усё найлепшым чынам. І школа тады гучала, была флагманам адукацыі ў раёне.
Падчас дырэктарства Вячаслава Яфімавіча Цяцёркіна тут працавалі 12 выдатнікаў адукацыі БССР, 2 Заслужаныя настаўнікі — Ірына Іосіфаўна Лакішык і Антаніна Андрэеўна Эмінава. Завучамі Амбросіем Іванавічам Рагоўскім і Віктарам Рыгоравічам Жуком ганарыліся. Калектыў быў наватарскім і творчым, дружным і з’яднаным, укаранялі новыя праграмы, з экскурсіямі аб’ездзілі многія гарады СССР.
Паказальныя ўрокі “на вобласць” давалі Ірына Антонаўна Піскун, Іван Фаміч Купрык, Лілія Альбінаўна Волкава, Аляксандра Рыгораўна Літвінава, Уладзімір Іванавіч Сокал, Валерый Адамавіч Каспяровіч і іншыя.
З 1939 года, калі дырэктарам быў Васілій Іванавіч Кошаль, па сённяшні дзень змянілася 10 кіраўнікоў. Больш за 20 гадоў нязменным кіраўніком была Лідзія Іванаўна Архангельская, якая мудра і таленавіта аб’ядноўвала калектыў аднадумцаў — з любоўю і клопатам пра дзяцей.
Што выдзяляла школу сярод іншых, дык гэта асабліва паважлівыя адносіны да працы. Новы будынак СШ дапамагалі ўзводзіць і вучні — будаўнічая брыгада муляраў. Такім чынам набывалі ўменні і навыкі, неабходныя ў дарослым жыцці. А наваселле школы ў 1961 годзе з абсталяванымі класамі, лабараторыямі, майстэрнямі, спартыўнай залай, сталовай і бібліятэкай стала, па ўспамінах старэйшых педагогаў, гарадскім святам.

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама, выпускнік СШ № 1 1971 года Леанід Цупрык і былы дырэктар Ганна Крук на юбілеі школы.

Першая ва ўсім першая. У ліку першых у краіне ў СШ №1 былі створаны вучнёўскія вытворчыя брыгады, з якімі прэзентавалі вучэбную ўстанову на юбілейнай экспазіцыі ВДНГ у Маскве.
А як усе радаваліся, калі ў школьнай цяпліцы паспяваў багаты ўраджай, пра які клапаціліся хлопчыкі і дзяўчынкі пад кіраўніцтвам настаўнікаў біялогіі. Дзякуючы Таццяне Антонаўне Касінскай, дзеці ўсё ведалі пра кітайскага госця — тутавага шаўкапрада, якога разводзілі ў цяпліцы. Ксенія Філатаўна Пруднікава з вучнямі вырошчвалі расаду кветак, у шматколернасці якіх патанала школа. А якімі смачнымі былі агуркі з прышкольнага участка тут вырошчвалі для сталовай такую неабходную для дзіцячага харчавання агародніну.
Галава кружылася ад водару квітнеючага школьнага сада. Аўтарства гэтага яблыневага раю таксама належала згуртаванаму калектыву настаўнікаў і вучняў. Доўгія гады на перапынках дзятва, асабліва восенню, калі паспявалі фрукты, са званком адразу бегла ў сад.
Педагогі і школьнікі былі актыўнымі ўдзельнікамі не толькі гарадскіх, але і абласных, і рэспубліканскіх мерапрыемстваў.
Нашы вучні ўваходзілі ў склад прывітальнай групы Дома піянераў. Падмуркам выхавання школьнікаў тых гадоў былі піянерская і камсамольская арганізацыі. На лінейкі збіралася ўся школа. Кіпела цімураўская работа. Рабяты, натхнёныя гайдараўскім “Цімурам і яго камандай”, лічылі за гонар дапамагчы людзям розных узростаў.

Урок працоўнага навучання вядзе Марыя Антонаўна. 1983 год.

Заўсёды ўрачыстай падзеяй быў прыход у класы напярэдадні Дня Перамогі ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Мы шчыра і ўдзячна захапляліся іх адвагай і гераізмам.
Новай, а таму вельмі гучнай і запатрабаванай формай работы ў тыя гады быў бацькоўскі ўніверсітэт. Штомесяц для мамаў і татаў педагогі, дактары, юрысты выкладалі азы выхавання і сямейных адносін.
Родны край вывучалі не толькі па кнігах, любоў да яго выхоўвалі на рэальных прыкладах і асобах. Мы з маімі пачаткоўцамі любілі паблукаць і паслухаць гукі лесу, старэйшыя класы хадзілі ў паход з начлегам, падарожнічалі на веласіпедах, ездзілі на экскурсіі. Памятаю, Соф’я Васільеўна Хмарук і вучні, якіх знаёміла з творчасцю Якуба Коласа, ездзілі на яго радзіму ў Мікалаеўшчыну.
Мне пашчасціла працаваць з вопытнымі і цудоўнымі настаўнікамі, сапраўднымі прафесіяналамі Тэрэзай Іванаўнай Амелька, Іванам Фамічом і Верай Іосіфаўнай Купрыкамі, Ірынай Сцяпанаўнай Лебядзінскай, Соф’яй Пятроўнай Скакун, Алай Аляксееўнай Дубіна і многімі іншымі выдатнымі педагогамі.
Амаль 30 гадоў я працавала ў школе. Ганаруся сваімі вучнямі. Сярод выпускнікоў, якія прыходзілі маленькімі гарэзамі ў першы клас, цяпер вядомыя ўрачы і ваеннаслужачыя, інжынеры і будаўнікі, навукоўцы, і, канешне, педагогі. Усе 8 сваіх выпускаў успамінаю з цеплынёй і пяшчотай.
Пакінулі глыбокі след у маім жыцці педагогі ад Бога — першая настаўніца Зінаіда Мікалаеўна Кашуба і класны кіраўнік Клаўдзія Самсонаўна Станкевіч. Вучыла прыгожаму слову, выхоўвала на прыкладах літаратурных герояў мяне і маіх аднакласнікаў настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Хрысціянаўна Шакун, якая была ўзнагароджана ордэнам Леніна. Выклікалі захапленне, абуджалі любоў да роднай мовы ўрокі Людмілы Браніславаўны Ясевіч. Спасцігала педагагічнае майстэрства ў Галіны Пятроўны Хмарук, Алены Антонаўны Жукавай, якія шчодра дзяліліся сваім вопытам. Прыкладам таленавітай працы ў выхаванні школьнікаў лічу Ніну Аляксееўну Буцько.

У паход. 1958 год. СШ № 1 размяшчалася ў будынку па вул. Камсамольскай.

Настаўніцтва як было любімай справай, маім жыццём – так і засталося назаўсёды. Школа №1 стала жыццёвым шляхам, найдаражэйшым і мілым сэрцу куточкам роднай зямлі, дзе я расла, сталела, марыла. Мара ажыццявілася — я працавала настаўніцай у сваёй любімай школе.
“Першая” стала лёсавызначальнай для многіх педагогаў, дала пуцёўку ў жыццё шматлікім выпускнікам. Паказальнае тое, што, пакінуўшы сваю альма-матэр, у яе вярнуліся ў новым статусе каля двух дзясяткаў чалавек.
Сёння ў СШ № 1 былыя выпускнікі прыводзяць ужо сваіх дзяцей і ўнукаў. Жыццё працягваецца.

Калі іду міма сваёй школы, заўсёды прыпыняю крок, каб паглядзець на прыгажуню. Яна ў свае без малога 150 такая юная, такая жыццярадасная. Па-добраму зайздрошчу тым, хто тут сёння вучыцца і працуе. Сёння не толькі эмоцыі, але і вялікі жыццёвы вопыт дазваляюць мне сцвярджаць: педагог – як жа годна гэта гучыць.
Запісала Наталля ПЕРАПЕЧКА.

У памятнай кнізе Віленскай вучэбнай акругі (Вільня, 1874 год) запісана: “Ляхавіцкае народнае вучылішча адкрыта ў 1867 годзе і знаходзіцца ў грамадскім доме. На ўтрыманне вучылішча адпускаецца 31 рубель з дзяржаўнай казны і 150 рублёў ад сялянскай абшчыны”.
У 1895 годзе на сродкі, сабраныя насельніцтвам, у Ляхавічах была пабудавана пачатковая школа, якая праіснавала да Першай сусветнай вайны.
У 1925 годзе школа была пераўтворана ў сямігодку. Навучанне вялося на польскай мове. У 1939 годзе пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР горад Ленінград накіраваў у Ляхавічы для дапамогі ў арганізацыі народнай адукацыі сваіх педагогаў. Дырэктарам быў прызначаны Васілій Іванавіч Кошаль.
Мірную вучобу спыніла Вялікая Айчынная вайна. Многія настаўнікі змагаліся з ворагам. У баях за Радзіму загінулі дырэктар школы Кошаль В.І, настаўнік Здановіч Ф.В. Былі расстраляны фашыстамі педагогі Энельман Н. І., Яхніч С. Л., Фельдман Л. І., Брондберг Р. Г., Крылова М. М.
У мірны час школа зноў адчыніла дзверы для вучняў. Вельмі цяжка было ў першыя пасляваенныя гады. Не хапала настаўнікаў, не было падручнікаў і вучэбных прыналежнасцяў. Педагагічны калектыў, бацькі, мясцовыя органы ўлады прыклалі ўсе намаганні для стварэння неабходных умоў для навучання і выхавання дзяцей. Настаўнікі разам з вучнямі самі рыхтавалі дапаможнікі.
У 1961 годзе быў узведзены новы будынак школы з добра абсталяванымі памяшканнямі.
СШ №1 занесена ў Кнігу гонару Міністэрства адукацыі БССР, з’яўлялася ўдзельніцай юбілейнай ВДНГ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *