РАСК праводзіць праверку. У РАНС паступіла паведамленне аб тым, што ў сажалцы на прыватным падворку знойдзены чалавек без прыкмет жыцця

24 ліпеня ў 19.55 у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне ад старшыні Ляхавіцкага АСВОДа аб тым, што ў сажалцы на прыватным падворку садовага таварыства «Дружба» знойдзены чалавек без прыкмет жыцця.
Аказалася, што мужчына гасцяваў у свайго знаёмага. Напярэдадні вечарам разам адпачывалі. Раніцай госць знік, і гаспадар дома вырашыў, што той паехаў.
Уласнік падворка знайшоў цела жыхара Баранавічаў 1988 г.н. у сажалцы на адлегласці двух метраў ад берага.
Ляхавіцкі раённы аддзел СК па даным факце праводзіць праверку.
З пачатку года на тэрыторыі раёна патанула два чалавекі.
Як нагадала спецыяліст РАНС Юлія Лешык, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў на вадзе, выратавальнікі рэкамендуюць быць больш асцярожнымі і выконваць правілы бяспекі. Купацца трэба ў цвярозым стане ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах, не заплываць за пазначаныя зоны купання, не ныраць з мастоў і г. д. Важна пільна сачыць за дзецьмі, якія знаходзяцца ў вадзе.