Запішыце мяне ў аграномы. У Ляхавіцкім аграрным каледжы працягвае работу прыёмная камісія

20 ліпеня ў Ляхавіцкім аграрным каледжы прыступіла да работы прыёмная камісія. У першы дзень дакументы падалі тры дзясяткі абітурыентаў. Па стане на 25 ліпеня – 82.
Каледж ажыццяўляе набор на спецыяльнасці «агранамія», «ветэрынарная медыцына», «плодаагародніцтва» і «заатэхнія». План прыёму на базе класаў складае 100 месцаў, яшчэ 50
на аснове агульнай сярэдняй адукацыі.

– Самая запатрабаваная традыцыйна ветмедыцына. Найвышэйшы бал атэстату – 8,1. Запатрабаваны і аграномы, – адзначае адказны сакратар  прыёмнай камісіі Мікалай Краўчук.
Першы дзень працы камісіі пацвердзіў, што наш каледж – установа вядомая за межамі Брэстчыны. Дакументы сюды падалі абітурыенты не толькі з Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў (а іх большасць), але і з Слуцкага, Салігорскага, Капыльскага раёнаў, з Маладзечна. Навучэнцы ЛАКа вызначаюцца на абласным і рэспубліканскіх прафесійных спаборніцтвах, маецца добрая матэрыяльна-тэхнічная база. І вельмі важкі пункт – усе навучэнцы на час вучобы забяспечваюцца інтэрнатам, мае ўстанова і сваю сталовую. Усе аб’екты ЛАКа размешчаны кампактна і зручна.
Камісія працуе штодзённа з 9 да 18 гадзін, у нядзелю – выхадны. Прыём дакументаў у абітурыентаў пасля дзевяці класаў працягнецца да 3 жніўня, пасля 11-ці – да 12 жніўня. Залічэнне адбываецца па
конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Тым, хто вырашыў паступаць у ЛАК, можна маніторыць прыёмную кампанію на сайце ўстановы. Там жа змешчаны і ўмовы паступлення, і іншыя нюансы.
– Варта ведаць, што нашы выпускнікі атрымліваюць з дыпломам не адну спецыяльнасць. Напрыклад, заатэхнікі, да асноўнай спецыяльнасці атрымліваюць дадаткова і тры рабочыя: аператар машыннага даення 4-5 разрада, аператар па штучным асемяненні жывёлы і птушкі 4 разрада і трактарыст-машыніст катэгорыі «А», – падкрэслівае дырэктар ЛАКа Ірына Прыступа-Юнік.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА