Шлях да важкага коласу. «Жніво-2022» у СВК «Ляхавіцкі» набірае абароты

Аператары ЗСК Дзмітрый Чаранкевіч, Анатолій Герасімовіч, Яраслаў Радзівон.

Яснае высокае неба, пяшчотнае сонейка яшчэ больш падкрэсліваюць залацісты колер яркіх збожжавых палеткаў. З кожным пагодлівым дзяньком адказнейшая сельскагаспадарчая кампанія «Жніво-2022» у СВК «Ляхавіцкі» набірае абароты.

Вадзіцель Аляксандр Кірыенка.

Старшыня гаспадаркі Іван Вітко не хавае задавальнення:
– Разлікі на ўраджай сёлета сапраўды выдатныя. Пры ўмове, што і далей усё пойдзе па плану, збожжавы намалот-2022 стане куды больш важкім, чым леташні, калі ўраджай істотна папсавала надвор’е з яго сюрпрызамі. Да ўборкі сёлета 1230 гектараў збожжавых і зернебабовых без уліку кукурузы. Асаблівыя спадзяванні на трыцікале. На ўчастках каля Рачканаў плануем сабраць гэтай культуры, якой засеяна 550 гектараў, да 90 цэнтнераў з гектара. Машынна-трактарны парк – 8 камбайнаў, 14 аўтамабіляў для адвозкі зерня – гатовы вытрымаць жніўны марафон. У кругласутачным рэжыме задзейнічаны тры стацыянарныя і два перасоўныя ЗСК.
У сельгаспрадпрыемстве настолькі адладжаны механізм уборкі, што сапраўды працэс ідзе, як па па маслу. Вось ГАЗ акуратна ўязджае
тэрыторыю зернеачышчальна-сушыльнага комплексу. За рулём аўтамабіля з вялікім стажам бадай самы малады вадзіцель «Ляхавіцкага» Аляксандр Кірыенка.
– Для мяне гэты сезон – першы вопыт работы на жніве, таму крыху хвалююся. Зараз адвожу ад камбайнаў азімы рапс. У сярэднім за светлавы дзень раблю сем рэйсаў па маршруце поле-элеватар. У кузаў уваходзіць прыблізна пяць тон збожжа, вось і лічыце, атрымліваецца, што перавожу за дзень каля 35 тон, – расказвае леташні выпускнік Пінскага аграрнага каледжа.

Аператары ЗСК Дзмітрый Чаранкевіч, Анатолій Герасімовіч, Яраслаў Радзівон.


Праз хвіліну пасля кароткай размовы (на большае жніво дазволу не дае) ГАЗ адпраўляецца на сустрэчу з камбайнамі. Рэдакцыйнае аўто імчыць следам на палеткі «Ляхавіцкага», якія раскінуліся за Мыслабажам. Што за прыгажосць навокал! Вось рапсавае поле. Сёлетняя ўраджайнасць яго на 13 цэнтнераў з гектара больш, чым у мінулым годзе. Па стане на 28 ліпеня, убрана 46 працэнтаў плошчаў.
Насупраць гаворыць дзякуй хлебаробам за клопат, своечасовую падкормку трыцікале, якое дае па 78 цэнтнераў на круг. І гэта толькі пачатак. Непадалеку ў чаканні свайго зорнага ўборачнага часу – каралева палёў – кукуруза.
Кожная опцыя ўборкі адкарэкціравана да вінціка. Не паспелі камбайны прайсці паласу, як тут жа ідзе працэс скручвання саломы.
А тым часам магутны МАЗ адпачывае ў чаканні чарговай порцыі азімага рапсу.
Кіруе навабранцам (МАЗ купілі ў 2021 годзе) машынна-трактарнага парку гаспадаркі вопытны вадзіцель Андрэй Жэрка, які шчыруе
на жніве 13-ы сезон.
– Тэхніка – агонь! Магутная, выдатная ў кіраванні, ёмістая – бярэ адразу каля дзевяці тон збажыны. Падрыхтаваў яе да ўборачнай кампаніі добра, думаю, праблем не будзе. А калі і здарыцца паломка, то справімся ў аптымальныя тэрміны – рамонтная брыгада ў гаспадарцы прафесійная, – гаворыць вадзіцель.
У мінулы чацвер Андрэй Жэрка і Аляксандр Кірыенка адвозілі азімы рапс ад «ДжонДзіра» пад кіраўніцтвам Генадзія Граблюка, за плячыма якога 16 збожжаўборачных кампаній. У розныя гады яго правай рукой, памочнікамі, членамі экіпажа былі калегі па СВК, а таксама дачка і сын. Сёлета камбайнерам у дуэце выступае Аляксей Шнайдзер.
– Відавочна, ураджай добры, колас важкі, толькі паспявай жні. Стараемся ўбіраць вельмі ашчадна, разумеем, наколькі важныя кожны абмалочаны гектар, кожны кілаграм сабранага ўраджаю. Галоўнае, не дапускаць прамаруджвання, бо следам за рапсам паспелі трыцікале, пшаніца, яравы ячмень, – расказвае камбайнер Аляксей Шнайдзер.
Па стане на 28 ліпеня, лепшымі камбайнерамі ў «Ляхавіцкім» з’яўляюцца два Віктары – Брэчка і Кардаш, кожны намалаціў па 241 тоне збожжа. Усяго на 25 тон меншы паказчык у Генадзія Граблюка. Сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня тон задае Генадзій Тумаш, у тройцы лідараў таксама Павел Гаўдзіс і Аляксандр Кірыенка.
– На селектарнай нарадзе па ўборачнай кампаніі Прэзідэнт Беларусі даручыў забяспечыць людзей, якія працуюць у полі, усім неабходным. У нашай гаспадарцы гэтаму – асаблівая ўвага. Па выніках дня вывешваецца інфармацыя, колькі зарабіў кожны камбайнер, вадзіцель ці работнік ЗСК. На пастаянным кантролі, у тым ліку і прафсаюза, умовы працы, арганізацыя харчавання, – разважае Іван Вітко.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.