«Светлячок» з «Авантажам». У СШ №1 г. Ляхавічы рабяты адпачываюць класна!

Сёлета з мэтай занятасці і стварэння для хлопчыкаў і дзяўчынак бяспечнага адпачынку падчас канікулаў, у аздараўленчым распарадку маюцца новаўвядзенні.

Калі раней лагеры працы і адпачынку, прышкольныя лагеры працавалі толькі ў чэрвеньскую першую змену, то зараз – на працягу лета. Так, з 11 ліпеня можна назіраць, як у СШ № 1 раніца пачынаецца з зарадкі. Гэта займаюцца рабяты з аздараўленчага лагера «Светлячок».
85 хлопчыкаў і дзяўчынак не сядзяць дома ў тэлефонах і камп’ютарах, а праводзяць час весела, захапляльна і карысна.
Змену з грамадзянска-патрыятычным ухілам назвалі «Наперад у мінулае, ці Па старонках гісторыі».
Кожны дзень тут не падобны на папярэдні. Напрыклад, 18 ліпеня ў плане пазначаны як сектар майстроў і ўмельцаў, дэвізам якога стала: «Уменне ўсюды знойдзе выкарыстанне». 20 ліпеня – сектар талентаў з дэвізам – словамі вядомага філосафа Сакрата: «У кожным чалавеку сонца, толькі дайце яму свяціць». І такі адметны кожны з тэматычных сектараў, па якім рухаюцца выхаванцы лагера і адкрываюць для сябе новыя ўражанні і веды, развіваюць творчыя здольнасці, назапашваюць сілы. У праграме адпачынку вывучэнне гісторыі роднага краю і краіны праз калейдаскоп спраў, гульняў, сустрэч, экскурсій і г. д. 27 ліпеня пачаткоўцы пабывалі на экскурсіі ў нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж». Шматлікія водгукі аднагалосна пастанавілі – паездка суперкласная! А колькі яшчэ цікавага даведаліся падчас гасцявання ў выратавальнікаў і наведвання храма Узвіжання Крыжа Гасподня, на экскурсіях «Паданні роднага краю» ў бібліятэцы, «Маленькі горад у 530 гадоў», на гульні-квэсце «У пошуках скарбаў зямлі беларускай»…
– У нашым лагеры няма калі сумаваць. Рабяты за актыўнасць, удзел у мерапрыемствах атрымліваюць адпаведныя жэтоны-заахвочванні. Напрыканцы змены будуць падведзены вынікі і выбраны атрад-пераможца.
А стаць лепшым імкнуцца ўсе, – раскрывае сакрэты незабыўнага дзіцячага адпачынку дырэктар аздараўленчага лагера Ларыса Шахмуць.
Рабяты старэйшага ўзросту заняты ў лагеры працы і адпачынку «Авантаж». Іх, аб’яднаных у атрад «Патрыёты», лёгка выдзяліць па яркай амуніцыі – зялёных камізэльках. Яны на 18 дзён працаўладкаваны ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» рабочымі зялёнага будаўніцтва і заняты на добраўпарадкаванні горада:
падмятаюць вуліцы, выдаляюць траву з тратуара і многае іншае. Галоўнае, што робяць гэта з задавальненнем. У раскладзе дня і гэтага атрада прадугледжана праграма адпачынку, у якую ўключаны разнастайныя забаўляльныя і пазнавальныя мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці, спартыўныя спаборніцтвы, а таксама падарожжа па гістарычных мясцінах Ляхавіччыны.
– Кожны з нашых падапечных прайшоў медагляд, з кожным аформлены працоўны дагавор, заведзены працоўныя кніжкі, – падкрэслівае дырэктар лагера Вікторыя Біза.
І ў аздараўленчым, і ў лагеры працы і адпачынку важны момант – харчаванне. Кормяць рабят смачна, ежа карысная. У меню, акрамя «сур’ёзных» страў і салодкасці, агародніна з фруктамі.
Пуцёўка ў «Светлячок» на 18 дзён склала для бацькоў крыху больш за 9 рублёў, «Авантаж» пры трохразавым харчаванні абышоўся ў 15 рублёў 40 капеек. Астатнія выдаткі ўзяла на сябе дзяржава.
З 8 па 27 жніўня хлопчыкаў і дзяўчынак у госці запросіць аздараўленчы лагер СШ № 2.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.