Тое, што ствараюць ляхавічане, – унікальна. На жаль, не кожны гэта разумее

Наша Ляхавіччына ў турыстычным плане край багаты на гісторыю. І наша каштоўнасць не толькі ў гістарычных аб’ектах, што стагоддзямі праслаўляюць малую радзіму, Ляхавіччына – гэта і сучасная ўнікальнасць, створаная таленавітымі землякамі.
І хоць гэты турыстычны куток для ляхавічан не навінка, сімвалічны музей пад адкрытым небам на зоне адпачынку на рацэ Ведзьме не губляе папулярнасці сярод землякоў і не толькі.

Два гады назад установы адукацыі раёна сталі ўдзельнікамі конкурсу
(прымеркаванага да Году малой радзімы) на лепшы макет архітэктурнай жамчужыны раёна «З глыбіні стагоддзяў». Арганізатарам конкурсу стаў райвыканкам. Уздоўж дарожкі на беразе ракі размясціліся 14 макетаў турыстычных славутасцяў нашага раёна.
Многія аб’екты, па якіх зроблены макеты, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Такі музей пад адкрытым небам запрасіў на ўрачыстае адкрыццё 3 ліпеня 2020 года.
Конкурсная камісія ацэньвала кожны макет, прэзентацыю свайго турыстычнага аб’екта. У кожнай намінацыі былі свае пераможцы.
Лепшых выбіралі ў наступных намінацыях: «страчаная спадчына», «палацава-паркавыя ансамблі», «культавыя ансамблі. Праваслаўныя храмы», «культавыя ансамблі. Каталіцкія храмы». Такая ідэя музея пад адкрытым небам заваявала ўвагу ляхавічан: летнія прагулкі па дарожцы, што ўпрыгожваюць славутасці раёна, становяцца непаўторнымі.


Нашы крэатыўныя педагогі і дзеці стварылі таленавітымі рукамі такую ўнікальнасць. Тэрыторыі ўстаноў адукацыі настолькі напоўнены дызайнерскім крэатывам, што ім па сілах стварыць такі ўнікальны музей. Дзякуй ім за тое, што карпатліва шануюць нашу спадчыну!
Аднак гэта не ўсе разумеюць. Там не аднойчы фіксаваліся выпадкі вандалізму, вінаватыя панеслі пакаранне. Але ж даводзіцца канстатаваць, што і месца ўсё ж уплывае на знешні выгляд паменшаных архітэктурных аб’ектаў. Вільготнасць і вецер, дождж і сонца, дрэвы вакол, няўстойлівая глеба – усё гэта з кожным годам будзе псаваць знешні выгляд музея. Усе ж такую ручную працу складана потым выправіць. Гэта пытанне варта разгледзець дэталёва, магчыма, у вас, паважаныя землякі, ёсць варыянты.
Сёння ў нашым музеі пад адкрытым небам размясціліся 23 макеты.
І кожны заслугоўвае ўвагі. Работу працягнулі ў 2021 годзе, і музей папоўніўся яшчэ дзевяццю экспанатамі.

Таццяна ШЧУКА, спецыяліст  райвыканкама.