Сельскохозяйственная осень радует ляховичан

Сельскагаспадарчая восень “радуе” вяскоўцаў валам работ – розных, аднак, аднолькава важных і тэрміновых. Радуе і без двукосся – у самым прамым сэнсе ўраджаем, або, як у выпадку з надзённай зараз азімай сяўбой, усведамленнем зробленага ўжо важнага кроку на шляху да будучага ўраджаю.
Агравытворчым прыярытэтам гэтых дзён назваў азімую сяўбу галоўны аграном райсельгасхарчу Мікалай Каплыноў. Па-першае, аптымальныя для вядзення яе тэрміны сыходзяць, а завяршэннем пасяўных работ пахваліцца могуць вельмі нямногія сельгаскааператывы раёна. Падобная “карэкцыя” амаль гарантавана падкарэктуе ў мінус і паказчыкі будучага ўраджаю.
Ёсць і па-другое. Хутчэйшае завяршэнне пасяўных работ адкрые магчымасць для пераразмеркавання сіл. Вызваленыя ў выніку тэхніка, людзі змогуць заняцца іншымі неадкладнымі сельскагаспадарчымі клопатамі. Напрыклад, уборкай бульбы. Работы на гэтым полі сёлета дастаткова зацягнуліся. Грамадскі сектар другога хлеба ў раёне быў прадстаўлены амаль паўтысячагектарнымі пасадкамі. У тым ліку ў СВК “Ляхавіцкі” мелася 160 гектараў, у ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – 132, 90 – у “Жарабковічах”, 45 – у “Шляху новым” і далей – па дробязі. На корані яшчэ паўтара-два дзясяткі гектараў у “Ляхавіцкім”, у “Жарабковічах” і райаграсэрвісе і таго больш. Блізкая да 240 цэнтнераў з гектара сярэднераённая ўраджайнасць нізкай, з улікам няпростых умоў надвор’я, не здаецца.
Значная частка з больш як 2,5 тысячы даўно выцерабленых гектараў ільну працягвае “вылежвацца”. Ільнотраста паднята і звезена на сыравінны двор пакуль толькі з прыкладна сяміста гектараў. Работы – не на дзень і не на тыдзень.
Як і на кукурузных палетках. Той, што вырошчвалася на сілас і зялёны корм, каля палавіны з 4145 першачарговых агульнараённых гектараў працягвае заставацца ”на пні”. Выключэнне – агракаледж і “Ляхавіцкі”, дзе з работамі ўжо справіліся. Час кукурузы на зерне, як растлумачыў Мікалай Каплыноў, прыходзіць пазней і толькі набірае тэмпы. Тут пройдзена некалькі больш чым дзясятая частка шляху.
З трох буракасейбітаў – “Жарабковічы”, “Шлях новы”, райаграсэрвіс – найбольш прадукцыйным з’яўляецца іменна навасёлкаўскі гектар, дзе збіраюць за 600 цэнтнераў салодкага кораню з кожнага. У сярэднім жа па раёне мае таксама нядрэнныя 580.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *