У полі – апетытна. Смачна і апетытна ў сталоўках пад адкрытым небам, якія арганізаваны ў сельгаспрадпрыемствах Ляхавіччыны непасрэдна на палявым стане

Да чаго ж гарманічна спалучаюцца водар свежаскошанага хлебнага коласа і смажаных катлет, запечанай бульбы і духмянага ягаднага кампоту… Падчас жніва менавіта так смачна і апетытна ў сталоўках пад адкрытым небам, якія арганізаваны ў сельгаспрадпрыемствах Ляхавіччыны непасрэдна на палявым стане.

Адна са стратэгічных задач на ўборачнай – смачна, разнастайна і сытна накарміць рупліўцаў хлебнай нівы. Хтосьці смажыць-варыць у сталоўцы, якая знаходзіцца на балансе сваёй арганізацыі, для іншых гатуюць на прадпрыемствах раённага спажывецкага таварыства ці ў сталоўках гаспадарак-суседзяў. Галоўнае – умела прыгатаваць абеды і падвячоркі, а потым своечасова даставіць у поле. Аплата за сталаванне пад адкрытым небам таксама розная.
Штодня з сямі гадзін раніцы ў прамым сэнсе кіпіць работа ў сталоўцы ААТ «Жарабковічы» ў Канюхах. Тут гатуюць, каб добра накарміць тых, хто заняты ў полі, на адвозцы зерня, на зернетаках, у вытворчых майстэрнях.
– У сярэднім у дзень гатуем каля 380 абедаў і крыху менш падвячоркаў. Акрамя работнікаў «Жарабковічаў», кормім і 27 механізатараў з ААТ «Нача», 12 – з ільнонасенстанцыі. Стараемся разнастаіць меню, каб стравы былі смачнымі. Бо, як вядома, добры
работнік – накормлены работнік. Сёння ў нашым меню на абед халаднік, вараная бульба, каўбаса, салат, морс, хлеб, на падвячорак – грэцкая каша, курыца смажаная, каўбаска, морс, батон, хлеб. «Нача» і льнонасенстанцыя забіраюць гарачыя стравы і развозяць па палях на сваім транспарце. Па жарабковіцкіх палетках дастаўляем на спецыя-
лізаваных аўтамабілях гаспадаркі, такіх у нас чатыры, – расказвае
загадчык сталоўкі Ганна Барташэвіч.
Часткай прадуктаў сталоўку забяспечвае сельгаспрадпрыемства, астатняе закупляюць у фермераў, райпо і г. д. Тыя, хто харчуец-
ца ў полі, плацяць за два прыёмы ежы ў дзень сімвалічную суму – усяго 10 капеек, і такая практыка паўтараецца з году ў год.
Сяргей і Анастасія Каралёвы з ААТ «Жарабковічы» – лідары раённага спаборніцтва на жніве сярод сямейных экіпажаў. Зразумела, што увесь светлавы дзень праводзяць на мехмайстэрнях і на
жніўным палетку. Дамоў вяртаюцца позна вечарам. Так што часу прыгатаваць ежу, лічы, зусім няма.
– Кормяць у нашай сталоўцы смачна. Любая страва апетытная, заўсёды ў поле прывозяць гарачае. Кошт мізэрны, і гэта толькі на карысць сямейнага бюджэту, – адзначае Анастасія Каралёва.
– Мае фаварыты – мясныя стравы, галубцы. Порцыі вялікія, для мужчыны самае тое. А галоўнае, смачна і апетытна, як дома, – дадае старшы камбайнер Сяргей Каралёў.
Ад сяўбы да сяўбы, ад вясны да восені – менавіта ў такім дыяпазоне часу арганізавана гарачае харчаванне з дастаўкай у поле ў
ЗАТ «Белпрампрыбор». Пра рацыён тутэйшых сельгасвытворцаў трэці год запар паспяхова клапоціцца повар Леакадзія Кляцкова. На сёлетнім жніве яна штодня гатуе абеды і падвячоркі прыкладна для 25 работнікаў гаспадаркі.
– Гэта адзін з важных складнікаў стварэння належных бытавых умоў для тых, хто з ранку да вечара ў полі. Стравы гатуюцца ў нашай сталоўцы ў Галаўнінцах. Далей на транспарце прадпрыемства адвозім у поле. Кошт абеду ў сярэднім – дзесяць рублёў, падвячорка – пяць рублёў, работнікі плацяць дзесяць працэнтаў – адзін рубель і 50 капеек. Прычым грошы вылічваюцца з заработнай платы, – удакладняе галоўны эканаміст «Белпрампрыбора» Жанна Дзенісеня.
Неаднойчы даводзілася чуць ад удзельнікаў жніва з СВК «Ляхавіцкі», што для іх гатуюць смачныя і разнастайныя стравы, улічваюць запыты і густы хлебаробаў. Ужо другі год удзельнікі ўборачнай з «Ляхавіцкага» харчуюцца ў рэстаране «Ластаўка», ежу на поле дастаўляюць напрамую з рэстарана.
– Праца ў полі цяжкая і напружаная, таму і харчаванне павінна быць адпаведным – смачна, многа, разнастайна і з любоўю прыгатавана. Улічваем і запыты хлебаробаў, і надвор’е: у гарачыню – больш сокаў, напіткаў, пахаладала – перавага гарачым першым стравам. Абавязкова ў меню, якое распрацоўваем на тыдзень, рыба, мяса, – гаворыць повар-брыгадзір рэстарана Вольга Койпіш.
За арганізацыяй харчавання ў гаспадарцы ўважліва сочыць прафсаюз.
– Раней стравы на палеткі прывозілі са сталоўкі райпо ў Русінавічах, было зручна, бо побач, а яшчэ СВК пастаўляў у сталоўку ўласную бульбу, а гэта патанняла харчаванне. Сталоўку закрылі, перайшлі ў рэстаран. Дзяўчаты-повары – малайцы, нашым работнікам падабаюцца і абеды, і падвячоркі. Штодня такім чынам кормім 40–50 чалавек. Аплачваюць яны дзесяць працэнтаў ад агульнага кошту. Важна не толькі добра прыгатаваць, але і ў час даставіць, хутка гарачым раскласці па талерках, бо жніво ні мітусні, ні прамарудж-
вання не церпіць. Строга па раскладзе пад’язджае ў поле прыстасаваны для перавозкі ежы аўтамабіль. Абавязкова сочым і за якасцю харчавання, – расказвае старшыня прафкама СВК «Ляхавіцкі» Валянціна Герасімовіч.
Своеасаблівае наваселле сёлета ў сталоўцы ААТ «Шлях новы». Некалькі гадоў гэты аб’ект, які знаходзіцца на балансе гаспадаркі, не працаваў. А з пачатку 2022 года тут праходзіў рамонт. Частка яго завершана, таму харчаванне ўдзельнікаў жніва – механізатараў, вадзіцеляў, работнікаў зернетакоў і рамонтных брыгад, спецыялістаў – ідзе поўным ходам. Штодня гарачым двухразовым харчаваннем забяспечаны ад 50 да 70 чалавек. Аплата – дзесяць працэнтаў ад кошту абедаў і падвячоркаў.
– Стараюцца работнікі сталовай, стравы ў іх што трэба! Механізатары задаволены. Выдатна падсілкаваўшыся, набраўшыся сіл, добра працуюць, – адзначае дырэктар ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.