Пра тых, хто не баіцца сустрэчы з агнём. Пажарныя-выратавальнікі адзначылі прафесійнае свята

Дзень пажарнай службы супрацоўнікі Ляхавіцкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях і яго падраздзяленняў адзначалі 25 ліпеня. А ў мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры прайшла ўрачыстасць, прысвечаная прафесійнаму святу.

Шчыра і пранікнёна прадстаўнікоў мужнай прафесіі віншавалі старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Лепшым з лепшых яны ўручылі Граматы райсавета дэпутатаў і райвыканкама.
З прафесійным святам, са 169-й гадавінай пажарнай службы віншаваў начальнік РАНС Юрый Буйкевіч, які адрасаваў пажаданні здароўя і сухіх рукавоў, надзейнага сямейнага тылу калегам і ветэранам. Гаварыў пра
рызыку, з якой сутыкаюцца пажарныя- выратавальнікі, калі змагаюцца з агнём і ратуюць жыцці землякоў і маёмасць, пра стойкасць, адвагу і адказнасць. Асаблівая ўдзячнасць выказана вэтэранам пажарнай службы за шматгадовую добрасумленную працу, вопыт, якім яны шчодра дзеляцца з маладым пакаленнем. Сярод тых, хто і на заслужаным адпачынку не парывае сувязі з калектывам, – Канстанцін Зелянеўскі. Сёлета ён адзначыў сваё 85-годдзе.
Словы павагі і пажаданні службы без здарэнняў прагучалі ад людзей у пагонах, якія працуюць у цесным узаемадзеянні з райаддзелам па надзвычайных сітуацыях – ад супрацоўнікаў пракуратуры і міліцыі, Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
Ганарова і прыемна, калі нашы супрацоўнікі РАНС атрымліваюць знакі прафесійнага адрознення, спецыяльныя званні і іншыя ўзнагароды. Яны таго вартыя! Для тых, каму прыходзяць на дапамогу, яны становяцца героямі, лепшымі сябрамі.
Радасць падзеі пажарныя-выратавальнікі раздзялілі са сваімі сем’ямі. Родных, дарэчы, у зале было нямала.
Святочная канцэртная праграма, у якой саліравалі мясцовыя артысты і творчыя калектывы, цудоўна дапоўніла ўрачысты
настрой, падарыла шмат шчаслівых
імгненняў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.