Малады тон шчодрай нівы. Хто ў Ляхавіцкім раёне з моладзі за штурвалам шасці камбайнаў?

Працоўны выклік вопытным удзельнікам жніва з году ў год кідаюць і маладыя рупліўцы ляхавіцкай нівы. Прычым многія ні ў чым не саступаюць тым, хто шмат гадоў убірае ўраджай з палёў. Вось і сёлета, па даных райсельгасхарчу, за штурвалам шасці камбайнаў – моладзь ва ўзросце да 31 года.

Адзін з лідараў спаборніцтва на жніве-2022 Павел Канцэлярчык, а таксама яго брат Пётр Канцэлярчык убіраюць палі ЗТАА «БелДан». Экіпажы ў складзе Георгія Жука і Уладзіміра Баўтрукевіча, Аляксандра Сарнацкага і Ільі Гусева, Ігара Васілеўскага і Данііла Фалько, Івана Касьміна і Аляксандра Грыцука жнуць важкі колас у ААТ «Жарабковічы».
Дарэчы, мінулагоднімі пераможцамі абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых сярод маладзёжных экіпажаў былі Георгій Жук і Уладзімір Баўтрукевіч, а прызёрамі – Аляксандр Сарнацкі і Ілья Гусеў.
І цяпер яны таксама адны з лепшых. Самы юны камбайнер – 22-гадовы Данііл Фалько, самы «сталы» – 27-гадовы Георгій Жук.
– Адным словам, малайцы! Вельмі стараюцца. Працуюць акуратна, убіраюць ашчадна. З тэхнікай на ты, нават на такіх камбайнах, як «Ліда», паказваюць добрыя намалоты. Большасць, нягледзячы на ўзрост, мае за плячыма не адну жніўную кампанію, – адзначае намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы» Алена Навалочка.
Жніўны майстар-клас паказваюць і сямёра маладых вадзіцеляў на адвозцы збожжа. З першага свайго ўборачнага сезона адразу ў лідары – такі шлях упэўнена трымае самы малады вадзіцель 20-гадовы Аляксандр Кірыенка з СВК «Ляхавіцкі». Аляксандр, а таксама Раман Турко з «Жарабковічаў» і Сяргей Гаспадура  з ААТ «Нача» – лідары раённага спаборніцтва на сёлетнім жніве сярод маладых вадзіцеляў. Але не саступаюць сваім калегам і Аляксей Васілеўскі, і Аляксандр Грыцкевіч з ААТ «Шлях новы», Алег Канцэлярчык і Павел Кендыш з «Ляхавіцкага». У кожнага з іх агульная задача – хутка, без страт адвезці збожжа па стратэгічна важным маршруце «поле – элеватар».

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.